У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Мур.
Генры Спенсер Мур (англ.: Henry Spencer Moore, 30 ліпеня 1898, Кастлфорд, Заходні Ёркшыр — 31 жніўня 1986, Хартфордшыр) — брытанскі мастак і скульптар.
Вучыўся ў мастацкім коледжы ў Лідсе (1919—21), скончыў Каралеўскі коледж мастацтва ў Лондане (1925), у якім выкладаў да 1933. Пазней выкладаў у мастацкіх школах Чэлсі і Слейда. Член-заснавальнік мастацкай групоўкі «Першае падраздзяленне» (1933).
Зазнаў уплыў старажытнай мексіканскай пластыкі. З пач. 1920-х г. распрацоўваў нешматлікія сталыя кампазіцыі («Маці і дзіця», «Сямейная група», «Фігура ляжыць» і інш.), у якіх ствараў і жыццёва канкрэтныя, і абстрактныя, дэфармаваныя, фантастычна-мудрагелістыя вобразы. Творы вызначаюцца пластычнай абагульненасцю і манументальнасцю форм, напружанасцю ўнутранай структуры кампазіцыі, рытмічнай выразнасцю сілуэта. Майстар манументальна-дэкаратыўнай скульптуры: скульптурныя групы «Тры фігуры стаяць» у Батэрсі-парку ў Лондане (1947—48), «Кароль і каралева» на плато каля Дамфрыса (1952—53), «Фігура ляжыць» каля будынка ЮНЕСКА у Парыжы (1957—58), «Дзве вялікія формы» ў садзе Бундэсканцылярыі ў Боне (1979) і інш. Аўтар серыі малюнкаў, прысвечаных ваенным будням Лондана (1-я пал. 1940-х).
Пасля Другой сусветнай вайны працы Мура набылі сусветнае прызнанне, яны прадстаўлены ў найбуйнейшых музеях розных краін. Ён узнагароджаны Ордэнам За заслугі, Ордэнам кавалераў Славы. Прах мастака спачывае ў лонданскім Саборы Святога Паўла.
Генры Мур на Вікісховішчы |