Генрык Лаўмянскі (польск.: Łowmiański; 22 жніўня 1898, Даўгуджэй, цяпер Літва — 4 верасня 1984, Познань) — польскі гісторык-медыевіст і славяназнавец.
Вучыўся ва ўніверсітэце Св. Уладзіміра ў Кіеве, м.інш. у вядомага гісторыка Мітрафана Доўнар-Запольскага. У 1919 г. пераехаў у Вільню, у Універсітэт Стэфана Баторыя, з 1934 г. — прафесар. Напісаныя Г. Лаўмянскім у 1920-1930-я працы застаюцца актуальнымі. Гісторыкам была і жонка — Марыя Лаўмянская, разам яны падрыхтавалі да выдання (1939) фундаментальны том «Актаў віленскіх цэхаў», але пачатак 2-й сусветнай вайны пакінуў кнігу ў рукапісе.
У красав. 1945 г. кіраўніцтва Пазнаньскага ўніверсітэта прапанавала Г. Лаўмянскаму ўзначаліць кафедру Усходняй Еўропы, і ў сяр. мая 1945 г. Г. Лаўмянскі пакінуў Вільню. З сабою Лаўмянскі перавёз унікальную бібліятэку, якой карысталіся некалькі пакаленняў студэнтаў. У Познані быў заснаваны асяродак вывучэння ВКЛ, праз нейкі час пачаў выходзіць навуковы альманах «Lituano-Slavica Posnanensia», прысвечаны гісторыі ВКЛ. З 1951 г. — дырэктар Інстытуту гісторыі Пазнаньскага ўніверсітэта. Правадзейны член Польскай АН (1952).
Рэдактар 1-га тому Гісторыі Польшчы (1957). Аўтар прац па гісторыі польскага Сярэднявечча, даследванняў па гісторыі Расіі і інш. славянскіх краін. У працы «Праблема ролі нарманаў ва ўзнікненні славянскіх дзяржаў» (1957) Г. Лаўмянскі раскрытыкаваў нарманісцкую тэорыю. Фундаментальная праца Г. Лаўмянскага «Старажытнейшая гісторыя Польшчы» (1963) адзначаная ў 1964 г. Дзяржаўнай прэміяй.
Загінуў, у Г. Лаўмянскага быў зусім слабы зрок, трапіўшы пад трамвай.