У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кісялёў.
Генадзь Васілевіч Кісялёў (19 сакавіка 1931, Каломна Маскоўская вобл. РСФСР — 14 лістапада 2008[1], Мінск) — беларускі літаратуразнавец, пісьменнік, гісторык, археограф. Доктар філалагічных навук (1994), кандыдат гістарычных навук (1964).
Нарадзіўся ў сям’і служачых. Маці паходзіла з сям’і селяніна Віцебскай губерні. Сярэднюю школу скончыў у Віцебску (1948). Скончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны інстытут (1953), працаваў у архіўных установах ЛітССР (1953—1956, 1960—1971). У 1956—1959 гадах вучыўся ў аспірантуры пры Маскоўскім гісторыка-архіўным інстытуце. У 1960—1971 гадах — навуковы супрацоўнік Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва ЛітССР. З 1971 года — навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР.
Член СП СССР (з 1964). Быў жанаты, меў дзвюх дачок — Лію і Наталлю, унука Яна.
У друку дэбютаваў у 1958 годзе. Аўтар зборнікаў гісторыка-літаратурных нарысаў «Сейбіты вечнага» (1963), «З думай пра Беларусь» (1966), «Героі і музы» (1982), даследаванняў «Загадка беларускай „Энеіды“» (1971), «Пошукі імя» (1978), «Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча» (1988), літаратуразнаўчай дылогіі «Разыскивается классик…» (1989), гістарычных нарысаў «Паплечнік Каліноўскага» (1976), «На пераломе дзвюх эпох: Паўстанне 1863 года на Міншчыне» (1990). Аўтар зборнікаў гісторыка-літаратурных матэрыялаў «Пачынальнікі» (1977), «Пуцявінамі Янкі Купалы» (1981), «З жыццяпісу Якуба Коласа» (1982), «Шляхам гадоў» (1990). Адзін са складальнікаў зборнікаў дакументаў «Рэвалюцыйны ўздым у Літве і Беларусі 1861—1862 гг.» (1964), «Паўстанне ў Літве і Беларусі 1863—1864» (1965).
Даследаваў беларускую літаратуру, гісторыю грамадскай думкі і нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі XIX стагоддзя, жыццё і дзейнасць К. Каліноўскага, В. Дунін-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, А. Вярыга-Дарэўскага, П. Шпілеўскага, Я. Коласа і Я. Купалы. Атрыбутаваў аўтарства «Энэіды навыварат» і «Тараса на Парнасе». Таксама працаваў над скарыназнаўчымі тэмамі, дзе сам сябе лічыў за «неафіта», хаця насамрэч і тут зрабіў значны ўклад.