wd wp Пошук:

Гвалт на глебе гамафобіі і трансфобіі

Інсцэноўка паняцця «гамафобны гвалт»
Збіванне ЛГБТ-актывіста ў Маскве групай падлеткаў

Гвалт на глебе гамафобіі і трансфобіі[1], гамафобны гвалт[2], гвалт па прыкмеце сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці[3] — акты фізічнага ці псіхічнага гвалту, накіраваныя на прадстаўнікоў ЛГБТІ (гомасексуальных, бісексуальных, трансгендарных і інтэрсекс людзей) і выкліканыя гамафобнымі і трансфобнымі матывамі. Гвалту могуць падвяргацца і асобы, якія не з’яўляюцца ЛГБТ, але прылічаныя да іх, а таксама і іншыя асобы, якія не адказваюць гетэранарматыўным стандартам[1]. Акрамя прамых актаў фізічнага гвалту, у першую чаргу, цялесных пашкоджанняў і сексуальнага гвалту, да гвалту на глебе гамафобіі можна аднесці і іншыя дзеянні — псіхалагічнае запалохванне, пагрозы і шантаж, якія маюць пад сабой гамафобную глебу, а таксама і гамафобныя абразы, мобінг, булінг і іншыя праявы псіхалагічнага гвалту на глебе нянавісці да прадстаўнікоў ЛГБТ.

Фізічны і псіхічны гвалт на глебе гамафобіі і трансфобіі з’яўляюцца праявай злачынстваў на глебе нянавісці, калі ахвяра выбіраецца (усвядомлена ці неўсвядомлена) выключна з прычыны яе прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы, у гэтым выпадку ЛГБТ.

Характарыстыка

Абраза і мобінг з’яўляюцца прыкладамі вербальнага гвалту на глебе гамафобіі

Псіхолаг і гісторык Енс Доблер[de] размяжоўвае гвалт на глебе гамафобіі і праявы дыскрымінацыі з боку прыватных асоб, інстытуцый, грамадства ці дзяржавы ў дачыненні да ЛГБТ, адносячы да падобных актаў гамафобнага гвалту толькі дзеянні фізічнага ці псіхічнага гвалту, класіфікавальныя ў якасці каральных крымінальных злачынстваў[4]. Даследаванні са ЗША, Германіі, Нідэрландаў, Францыі паказваюць, што ахвярай падобнага гвалту хоць бы раз у жыцці станавіўся прынамсі кожны трэці гомасексуал[5][6].

Паводле статыстыкі ФБР, прадстаўнікі ЛГБТ у некалькі разоў часцей падвяргаюцца гвалту, чым гетэрасексуальныя людзі[7]. Паводле тых жа даных, у 17 % усіх выпадкаў злачынстваў на глебе нянавісці (трэцяе месца пасля злачынстваў на глебе расавай і рэлігійнай непрыязнасці) матывам гвалту становіцца сексуальная арыентацыя ахвяры[7]. Аднак гэтыя даныя апісваюць толькі зарэгістраваныя ў пратаколах выпадкі. Большасць актаў гамафобнага гвалту (напрыклад, у ЗША — да 80 %, у Нідэрландах — да 90 %) не рэгіструюцца ў паліцыі, таму што ахвяры не звяртаюцца па дапамогу ў органы[8]. Шмат у чым гэта звязана з тым, што ахвяры не хочуць даводзіць да агульнага ведама сваю гомасексуальнасць[8]. Акрамя таго, многія злачынствы на глебе гамафобіі рэгіструюцца як бытавыя злачынствы[9].

Асобы, якія здзяйсняюць гвалт у дачыненні да ЛГБТ, паводле даследаванняў Доблера, — гэта, у першую чаргу, падлеткі і маладыя людзі мужчынскага полу[4]. Падобныя злачынствы здзяйсняюцца як у адзіночку, так і невялікімі групамі. Вербальнаму ці фізічнаму нападу могуць падвяргацца і выпадковыя людзі на вуліцы, западозраныя ў гомасексуальнасці. Нярэдка аб’ектамі нападу становяцца і ўстановы, у якіх прысутнічае ЛГБТ-публіка, напрыклад, гей-бары, кафэ ці ЛГБТ-цэнтры[4]. У той жа час, паводле Доблера, толькі 5 % такіх злачынстваў здзяйсняюцца неанацыстамі, скінхэдамі і іншымі праварадыкальнымі групамі[4].

Матывы такіх злачынстваў часта замоўчваюцца ў СМІ, ці гэтыя злачынствы падаюцца як злачынствы, здзейсненыя ў «гомасексуальным асяроддзі»[8]. Да нядаўняга часу ЛГБТ-арганізацыі таксама не надавалі гэтай тэме дастаткова ўвагі з прычыне таго, што ахвяры гамафобнага гвалту неахвотна працавалі з ЛГБТ-цэнтрамі[8]. Толькі ўзнікненне эпідэміі СНІДу і з’яўленне праектаў па прафілактыцы ВІЧ сталі спрыяць з’яўленню розных прэвентыўных кампаній і адукацыйных праектаў, накіраваных, у тым ліку, і на папярэджанне гамафобнага гвалту[8].

Прыклады фізічнага і псіхічнага гвалту

«Смерць педэрастам!» — гамафобнае графіці ў Бялградзе

Фізічны гвалт у дачыненні да ЛГБТ і асоб, прылічаных да іх, можа мець розныя формы і, асабліва ў выпадках папушчальніцтва ўрада ці наяўнасці антыгомасексуальнай дзяржаўнай палітыкі, можа прыводзіць да цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

Феномен, пры якім лесбіянкі падвяргаюцца сексуальнаму гвалту з мэтай пазнання мужчыны і «выпраўлення» такім чынам, атрымаў назву «карэктавальнага згвалтавання». Асаблівую праблему карэктавальнае згвалтаванне набыло ў краінах Афрыкі, і ў першую чаргу ў ПАР. Нярэдка пасля жорсткага згвалтавання ахвяры наносяцца цялесныя пашкоджанні, несумяшчальныя з жыццём.

Гамафобнымі матывамі апраўдваюцца таксама і жорсткія забойствы. Пры гэтым ахвяра можа нават і не быць прадстаўніком ЛГБТ, але быць прылічанай да такіх. Напрыклад, у маі 2013 года на глебе нянавісці да геяў у Валгаградзе быў жорстка забіты 23-гадовы Уладзіслаў Тарнавой[10]. У 2012 годзе ў Іраку адбылася чарада забойстваў маладых людзей, якія прытрымліваюцца культуры эма. Вядомыя прыклады забойстваў ЛГБТ членамі сям’і для «зняцця ганьбы з сям’і». Такія злачынствы могуць разглядацца ў якасці так званых забойстваў гонару.

У Беларусі найбольш рэзанансным стаў напад на 33-гадовага Міхаіла Пішчэўскага ў маі 2014 года, у выніку якога ён атрымаў цяжкія траўмы, з-за якіх давялося выдаліць каля 20 % галаўнога мозгу[11]. Міхаіл Пішчэўскі памер у бальніцы ў кастрычніка 2015 года[12].

Фізічны гвалт нярэдка суправаджаецца таксама і псіхічным гвалтам. Найбольш адчувальнай групай да вербальнага гвалту з’яўляюцца маладыя гомасексуалы, якія праходзяць фазу камінг-аўта. Нярэдка звязаныя з гэтым абразы і зневажэнні пераносяцца імі больш балюча за фізічны гвалт[13].

ААН прылічае да гвалту на глебе гамафобіі таксама і прымусовае лячэнне ў мэтах «змянення» сексуальнай арыентацыі, анальны агляд мужчын-геяў для «доказу» іх гомасексуальнасці, прымусовую стэрылізацыю трансгендарных асоб[1].

Заканадаўства

     Злачынствы на глебе гамафобіі ці трансфобіі з'яўляюцца злачынствамі нянавісці      Злачынствы на глебе гамафобіі з'яўляюцца злачынствамі нянавісці

ЛГБТ-арганізацыі выступаюць за ўключэнне матыву злачынстваў з прычыны нянавісці да ЛГБТ у якасці абцяжваючых абставін. Паводле даклада, апублікаванага HRC у 2009 годзе, 68 % амерыканцаў выступаюць за заканадаўчае прылічэнне злачынстваў на глебе нянавісці да ЛГБТ да групы злачынстваў нянавісці[7].

Постсавецкая прастора

На постсавецкай прасторы аналаг — тэрмін «рамонт», якім абазначаецца «фізічная расправа над гомасексуаламі з боку групы хуліганаў-гамафобаў, звычайна ў месцах знаёмстваў і на вечарынках»[14]. Адпаведна, нападнікі называюцца «рамонтнікамі»[15][16].

Пра мэтанакіраваныя напады на геяў і лесбіянак у краінах былога СССР сведчаць розныя аўтары. Так, расійскі гісторык і сексолаг Леў Клейн піша:[16]

Такія банды ёсць і ў нас, на жаргоне іх называюць «рамонтнікамі», і яны нават карысталіся дзе-нідзе падтрымкай міліцыі. Так, у Маскве міліцыя стварыла аператыўны атрад юных дружыннікаў для барацьбы з «гомасексуалістамі», які давялося судзіць. Галоўным абвінавачваным быў 16-гадовы Дзіма Сарокін. Ад выканання заданняў дзеці перайшлі да самастойных нападаў з абрабаваннямі і згвалтаваннямі. На чале банды апынуўся адзін з тых, каго банда пераследвала. Гэты студэнт-эканаміст, які стаў «гомікам» пасля таго, як яго згвалтавалі ў туалеце музея У. І. Леніна, некаторы час сам практыкаваў гомасексуальны секс, а пасля нападу банды, далучыўся да яе. Яму спадабалася, і неўзабаве ён стаў верхаводам. Скончылася ўсё арыштам і судом (Айзенштат, 1997). Але ёсць банды, якія дзейнічаюць і па ўласнай ініцыятыве.

Арыгінальны тэкст (руск.)   

Такие банды есть и у нас, на жаргоне их называют „ремонтниками“, и они даже пользовались кое-где поддержкой милиции. Так, в Москве милиция создала оперативный отряд юных дружинников для борьбы с „гомосексуалистами“, который пришлось судить. Главным обвиняемым был 16-летний Дима Сорокин. От выполнения заданий ребята перешли к самостоятельным нападениям с ограблениями и изнасилованиями. Во главе банды оказался один из тех, кого банда преследовала. Этот студент-экономист, ставший „гомиком“ после того, как его изнасиловали в туалете музея В. И. Ленина, некоторое время сам практиковал голубой секс, а после нападения банды, присоединился к ней. Ему понравилось, и вскоре он стал главарем. Закончилось всё арестом и судом (Айзенштадт, 1997). Но есть банды, действующие и по собственной инициативе.

У выданні ўкраінскага праваабарончага цэнтра «Наш мир» падрабязна апісваецца, як праходзілі праследаванні і нападкі[15]:

Спецыфічнай з’явай быў «рамонт». У перабудоўны час частка моладзі ўспрыняла публікацыі пра геяў і іх праблемы вельмі негатыўна, і ўбачыўшы у іх асобе ворага, з якім трэба было змагацца. Звычайна малады сімпатычны хлопец з групы «рамонтнікаў» выкарыстоўваўся ў якасці прынады, з’яўляючыся ў месцах сустрэч геяў. Ахвяру «падсадная качка» прыводзіў ці ў зацішнае месца непадалёк, ці на кватэру. У абодвух выпадках там ахвяру чакала ўся група. Пасля зневажэнняў, збіванняў і рабавання гея адпускалі, хоць у некаторых выпадках гэта магло скончыцца і горш. Іншыя групы «рамонтнікаў» не турбавалі сябе і такім сцэнарыем і прыставалі проста да ўсіх падазроных («не так» апрануты, завушніца ў вуху). Некаторыя прадстаўнікі крымінальнага свету спецыялізаваліся на рабаванні геяў. Усё пачыналася зноў-ткі са знаёмства. Калі ж гей прыводзіў новага знаёмага дамоў, той пасля палавога кантакту (ці без яго) рабаваў гаспадара. Разлік быў на тое, што ахвяра не пойдзе ў міліцыю са страху перад крымінальным пакараннем за гомасексуалізм і тым, што гэты бок яго жыцця атрымае агалоску.

Арыгінальны тэкст (руск.)   

Специфическим явлением был „ремонт“. В перестроечное время часть молодежи восприняла публикации о геях и их проблемах весьма негативно, найдя в их лице врага, с которым следовало бороться. Обычно молодой симпатичный парень из группы „ремонтников“ использовался в качестве приманки, появляясь в местах встреч геев. Жертву „подсадная утка“ приводил или в укромное место неподалеку, или на квартиру. В обоих случаях там жертву ждала вся группа. После унижений, избиений и грабежа гея отпускали, хотя в некоторых случаях это могло закончиться и хуже. Другие группы „ремонтников“ не утруждали себя и таким сценарием и приставали просто ко всем подозрительным („не так“ одет, серьга в ухе). Некоторые представители криминального мира специализировались на грабеже геев. Все начиналось опять-таки со знакомства. Когда же гей приводил нового знакомого домой, тот после полового контакта (или без него) грабил хозяина. Расчет был на то, что жертва не пойдет в милицию из-за страха перед уголовным наказанием за гомосексуализм и тем, что эта сторона его жизни получит огласку.

Аўтары выдання сцвярджаюць, што «вядомы толькі адзін выпадак, калі міліцыя рэальна дапамагла абараніць гея, і мноства выпадкаў, калі яна не захацела ўмешвацца ці сама паступала з гомасексуаламі цалкам незаконным чынам». Тым не менш, там жа падкрэсліваецца, што «эпоха масавага „рамонту“ — праследаванняў, збіванняў і шантажу гомасексуалаў — засталася ў мінулым».

Мінскія геі згадваюць пра існаванне «рамонтнікаў» у 1990-я гады на «Панікоўцы» (цяпер Аляксандраўскі сквер), вядомым месцы сустрэч мужчын-гомасексуалаў таго часу. Паколькі паліцыя ніяк не абараняла геяў ад «рамонту» і не прымала да разгляду заявы пра пра здзейсненыя злачынствы, абараняцца даводзілася самастойна[17].

Гл. таксама

Зноскі

  1. 1 2 3 Насилие на почве гомофобии и трансфобии: Справочный материал(нявызн.). United Nations Free & Equal. Праверана 2 студзеня 2015.
  2. Дыскрымінацыя ЛГБТ(нявызн.). Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. Праверана 6 чэрвеня 2016.
  3. Кіруючыя прынцыпы па заахвочванні і абароне ажыццяўлення ўсіх правоў чалавека ў дачыненні да лесбіянак, геяў, бісексуалаў, трансгендарных і інтэрсексуальных людзей(нявызн.). Савет Еўрапейскага Саюза (24 чэрвеня 2013). Праверана 8 чэрвеня 2016.
  4. 1 2 3 4 Dobler, 2004
  5. Gewalt gegen Schwule, 1991, с. 4
  6. Gewalt gegen Schwule und Lesben, 1996, с. 9—11
  7. 1 2 3 HRC Report, 2009
  8. 1 2 3 4 5 Gewalt gegen Schwule, 1991
  9. HRC Report, 2009, с. 2
  10. Officials Say Homophobia Motivated Murder in Russia(англ.) . The New York Times (12 мая 2013). Праверана 2 студзеня 2015.
  11. Sputnik. Избитый после ЛГБТ-вечеринки Михаил Пищевский скончался
  12. Гамафоб сустрэўся з геем ці настаўнік фізкультуры — з мулярам-прыватнікам?
  13. Gewalt gegen Homosexuelle: Von wegen Toleranz(ням.) . Süddeutsche Zeitung (17 мая 2010). Праверана 9 чэрвеня 2014.
  14. Дерягин Геннадий Борисович (доктор медицинских наук, профессор, зав.кафедрой судебной медицины и права СГМУ). Гомосексуализм. Бисексуальность.
  15. 1 2 А. Грибанов, Т. Данилевич и др. Голубая книга. Положение геев и лесбиянок в Украине. // Региональный информационный и правозащитный Центр для геев и лесбиянок «Наш мир», 2000 Архівавана 22 мая 2010. (недаступная спасылка — гісторыякопія)
  16. 1 2 Л. Клейн. Другая любовь // СПб, 2000
  17. Уладзімір Валодзін. Квір-гісторыя Беларусі другой паловы ХХ стагоддзя: спроба набліжэння. — Менск, 2016. — 600 экз.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Злачынствы супраць асобы
Катэгорыя·Гамафобія
Катэгорыя·Гвалт на глебе гамафобіі і трансфобіі
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Гвалт
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі