Званне Горад-Герой — вышэйшая ступень адзнакі, якой былі ўганараваныя 12 гарадоў Савецкага Саюза пасля Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гг. Акрамя таго Брэсцкай крэпасці прысвоена званне Крэпасць-Герой. У цяперашні час, 4 з іх знаходзяцца на тэрыторыі Украіны, 2 (уключаючы крэпасць-герой) — на тэрыторыі Беларусі, астатнія — ў Расіі.
Упершыню гарадамі-героямі былі названыя гарады Ленінград, Сталінград, Севастопаль і Адэса ў загадзе Вярхоўнага Галоўнакамандуючага 1 мая 1945 года.
Афіцыйна ў якасці дзяржаўнай узнагароды званне ўсталявана 8 мая 1965 года, калі Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР сваім Указам зацвердзіў Палажэнне аб вышэйшай ступені адзнакі — званні «Горад-Герой». У гэты жа дзень званне прысвоена гарадам Маскве, Ленінграду, Валгаграду, Кіеву, Адэсе і Севастопалю, а Брэсцкай крэпасці прысвоена званне «Крэпасць-герой».
Тут паказаныя даты не прысваення звання, а ўказаў аб уручэнні медаляў «Залатая Зорка» і ордэнаў Леніна гарадам, якія атрымалі званне горада-героя раней. Ленінграду, Сталінграду, Севастопалю і Адэсе званне «Горад-Герой» было прысвоена ў 1945 г., Кіеву — у 1961 г. Ленінграду і Кіеву пры прысваенні звання ўручылі толькі ордэн Леніна, а Сталінграду, Севастопалю і Адэсе наогул не ўручаліся ордэны і медалі.[1]