Гарадо́цкая аперацыя 1943 — наступальная аперацыя войскаў правага крыла 1-га Беларускага фронту (камандуючы генерал арміі І. Х. Баграмян) 13—31 снежня 1943 года ў раёне горада Гарадок Віцебскай вобласці ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Планавалася сустрэчнымі ўдарамі войскаў 14-й ударнай і 11-й гвардзейскай армій у напрамку чыгуначнай станцыі Бычыха разграміць Гарадоцкую групоўку праціўніка, ліквідаваць так званы Гарадоцкі выступ, які ўтварыўся на завяршальным этапе Невельскай аперацыі, авалодаць горадам Гарадок і працягваць наступленне ў напрамку Віцебска.
З боку СССР у аперацыі ўдзельнічалі 11-я гвардзейская армія, войскі 43-й, 4-й Ударнай, 3-й паветранай армій, 1-ы і 5-ы танкавыя корпусы, 3-ці гвардзейскі кавалерыйскі корпус.
Савецкім войскам супрацьстаялі 3-я танкавая армія групы армій «Цэнтр», войскі паўднёвага крыла 16-й арміі групы армій «Поўнач». Дадаткова ў раён баявых дзеянняў былі перакінуты дзве пяхотныя дывізіі з-пад Ленінграда, 5 пяхотных і адна танкавая дывізіі з паўднёвага крыла групы армій «Цэнтр».
3 снежня 1943 года 11-я гвардзейская і 4-я ўдарная арміі пры падтрымцы артылерыі і танкаў прарвалі абарону ворага. Галоўны ўдар наносіла 11-я гвардзейская армія. У яе паласе наступлення праціўнік аказаў найбольшае супраціўленне.
14 снежня на правым флангу 11-й арміі ў бой былі ўведзены 1-ы танкавы корпус і 83-я стралковая дывізія.
16 снежня 1-ы танкавы корпус выйшаў у раён станцыі Бычыха і злучыўся з 5-м танкавым корпусам 4-й ударнай арміі. Да 20 снежня было вызвалена 500 населеных пунктаў Гарадоцкага раёна.
24 снежня войскі 11-й гвардзейскай арміі авалодалі горадам Гарадок.
У выніку аперацыі савецкія войскі зрушыліся на 60 кіламетраў, разграмілі 6 пяхотных і адну танкавую дывізіі праціўніка, ліквідавалі Гарадоцкі выступ і стварылі ўмовы для наступлення ў напрамку Віцебска.
У Маскве 24 снежня 1943 г. дадзены салют 12 залпамі з 124 гармат.