У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сілівончык. Ганна Дзмітрыеўна Сілівончык (нар. 1980, Гомель) — беларуская мастачка, ілюстратар, дэкаратар і паэтэса.
Разам са звычайнай школай вучылася ў гімназіі-каледжы мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка. Скончыла Рэспубліканскі ліцэй мастацтваў (1999), затым аддзяленне станковага жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (2007). Жыве і працуе ў Мінску.
З 2008 года член Беларускага саюза мастакоў.
На думку мастацтвазнаўкі Д. Бунеевай, творчасць Ганны Сілівончык даволі далёка адыходзіць ад традыцый акадэмізму, у работах ёсць водгукі народнага мастацтва і прымітывізму, а таксама сюррэалізму, фавізму і іншых авангардных кірункаў 1-й паловы ХХ ст. Творы маюць выразны гульнявы пачатак, часта адзін аб’ект выступае ў некалькіх ролях — самога сябе і іншага, схаванага ад першага погляду. Напрыклад, кавун можа быць і мужчынскай галавой, самавар — лялечным домікам і пад. Элемент гульні назіраны і ў выбары матэрыялаў, мастачка любіць эксперыментаваць з фактурай палатна, выкарыстоўваць калажныя элементы, значная разнастайнасць арнаментаў адсылае да традыцый пэчварка. Нягледзячы на бясспрэчны талент, крэатыўнасць, выразную аўтарскую манеру і знешнюю разнастайнасць тэматычнага кола твораў (дзеці і дарослыя, анёлы, фантастычныя і міфалагічныя істоты, мясцовая і экзатычная фаўна і флора, з якіх складаюцца самыя розныя сюжэты — ад нявінна-дзіцячых да эратычных), надзвычайная творчая актыўнасць Г. Сілівончык разам са значным камерцыйным поспехам у апошнія гады сталі прычынай з’яўлення штампаў і самапаўтораў, а таксама значнага ўзрастання ілюстрацыйных рысаў. Творы мастачкі ўсё болей набліжаюцца да стылізаваных пад дзіцячы малюнак паштовак, выкананых алеем на палатне.[1]
Работы Г. Сілівончык ёсць ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), Гомельскага палацава-паркавага ансамбля (Гомель), Музея сучаснага рускага мастацтва (Джэрсі-Сіці, ЗША), Елабужскага дзяржаўнага музея-запаведніка (Елабуга, Расія), а таксама прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Францыі, ЗША, Японіі, Ізраіля, Італіі, Германіі, Польшчы. Узнагароджана медалём «Талент і пакліканне» фонду «Міратворац» (2009).