Войцех Герсан (польск.: Wojciech Gerson; 1 ліпеня 1831, Варшава — 25 лютага 1901, Варшава) — польскі мастак-рэаліст, пісьменнік, педагог, акадэмік і прафесар Імператарскай Акадэміі мастацтваў.
Нарадзіўся падчас паўстання 1830—1831 гадоў. У 1844 годзе паступіў у Варшаўскую школу прыгожых мастацтваў, скончыў яе з адзнакай ў 1850 годзе. У 1853 годзе атрымаў стыпендыю Царства Польскага і два гады вывучаў гістарычны жывапіс у Імператарскай Акадэміі мастацтваў у Аляксея Маркава. Скончыў Акадэмію з сярэбраным медалём і вярнуўся ў Варшаву ў 1855 годзе. У 1856 годзе паехаў у Парыж і вучыўся ў Леона Канье. У 1858 годзе вярнуўся ў Варшаву і ў 1872—1896 гадах займаўся выкладчыцкай дзейнасцю.
Атрымаў званне акадэміка Імператарскай Акадэміі мастацтваў (1873) за карціны «Кейстут і Вітальд палонныя Ягелы» і інш. Званне прафесара Акадэміі мастацтваў (1878) за карціну «Капернік выкладае сваю сістэму астраноміі».[3]
У 1898—1901 гадах прэзідэнт Калегіі касцёлаў.
Пахаваны на лютэранскіх могілках Варшавы.
Асноўнай тэмай яго твораў былі горныя пейзажы, гарадскія замалёўкі, гістарычны жывапіс. Найбольшы ўклад Герсана ў польскае мастацтва — графіка і гістарычныя палотны.
Стварыў літаграфіі відаў Варшавы і польскіх народных строяў, ілюстрацыі да выдання «Польскія гетманы». Сярод карцін на гістарычную тэму адзначаюць «Хрышчэнне праз слёзы», «Казімір Аднаўляльнік», «Капернік ў Рыме», «Маркграф Гера і славяне», «Развітанне Яна Сабескага з сям’ёй» і інш.
Аўтар біяграфіі мастака Ёзэфа Зімлера і падручніка па анатоміі для мастакоў.
Пераклаў на польскую мову «Трактат пра жывапіс» Леанарда ды Вінчы.
Выкладаў малюнак і жывапіс у варшаўскім класе малявання.
Сярод вучняў майстра Юзаф Хелмонскі, Людвіг Весялоўскі, Леан Вычулкоўскі, Багдан Клечынскі, Апалоній Кіндзерскі, Станіслаў Ленц, Уладзіслаў Падкавінскі, Юзаф Панкевіч, Людамір Бенедыктовіч, Вацлаў Хадкоўскі, Элігіюш Невядомскі, Альфрэд Кавальскі-Веруш, Леапольд Піліхоўскі, Станіслаў Памян Вольскі, Эдвард Окунь, Ян Станіслаўскі, Казімір Алхімовіч, Станіслаў Багенскі, Ганна Білінская, Мілаш Катарбінскі, Генрых Вейсенгоф, Вінцэнт Вадзіноўскі, Стэфан Папоўскі, Станіслаў Чайкоўскі, Ігнацы Урублеўскі і многія іншыя.
Дачка Марыя Герсан-Дамброўская — польская пісьменніца і мастачка, жонка польскага раманіста Ігнацыя Дамброўскага.
Праўнук — Міхал Вітвіцкі, архітэктар, рэстаўратар гістарычных будынкаў.