Ве́ра Уладзі́міраўна Кляйнмі́хель (у першым шлюбе Джамбакурыян-Арбеліяні(груз.) бел., у другім шлюбе Шабека, руск.: Вера Владимировна Клейнмихель; 31 ліпеня (12 жніўня) 1877, Санкт-Пецярбург, Расійская імперыя — 3 снежня 1948, Парыж, Францыя) — фрэйліна імператарскага двара, графіня, княгіня. Памешчыца Гродзенскай і Курскай губерняў[1].
Унучка міністра шляхоў зносін Расійскай імперыі П. А. Кляйнміхеля, дачка генерал-маёра Уладзіміра Кляйнміхеля(руск.) бел..
У 1895 годзе на сваё 18-годдзе атрымала ў падарунак ад бацькі маёнтак у Пружане Гродзенскай губерні. Новая гаспадыня ў сядзібе не пражывала, перадаўшы кіраванне ёй аканому і наведваючыся час ад часу (у прыватнасці, мешкала тут улетку 1904—1907 гадоў). Валодала таксама фальваркам Шыдлоўшчына непадалёк ад Пружаны[2].
У 1900 годзе выйшла замуж за князя Дзмітрыя Іванавіча Джамбакурыяна-Арбеліяні, палкоўніка Кавалергардскага палка імператрыцы Марыі Фёдараўны[3]. У 1909 годзе ў яе гонар названы сорт ружаў «Princesse Vera Orbelioni», выведзены французскім селекцыянерам Жазефам Шварцам[4]. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі эмігравала ў Францыю, пружанскі маёнтак здала ў арэнду павятоваму староству. З Дзмітрыем Джамбакурыянам-Арбеліяні Вера Кляйнміхель мела дачку Галіну (нарадзілася 5 мая 1922 года), якую нарадзіла неўзабаве па смерці мужа.
Другім разам выйшла замуж за апошняга гарадзенскага губернатара В. М. Шабеку (1864—1943), свайго траюроднага брата. З ім мелі дачку Марыю[5].
Абставіны свайго дарэвалюцыйнага жыцця і эміграцыі занатоўвала ў мемуарах, выдадзеных у 2009 годзе разам з успамінамі яе маці Кацярыны (у дзявоцтве Мяшчэрскай) кнігай «У ценю царскай кароны». Памерла ў Парыжы 3 снежня 1948 года. Пахаваная на могілках Сен-Жэнеўеў-дэ-Буа(фр.) бел..