wd wp Пошук:

Вацлаў I

Вацлаў I (чэшск.: Václav I.; каля 1205 — 23 верасня 1253) — кароль Чэхіі з 1230 года, сын Пржэмысла Отакара I.

Біяграфія

Каранацыя

Бацька Вацлава Пржэмысл Отакар I разлічваў яшчэ пры сваім жыцці перадаць сыну каралеўскі тытул, каб гарантаваць перадачу яго па спадчыне і пазбегнуць барацьбы за прастол. Ён дамогся згоды галоўнага канкурэнта Вацлава, мараўскага маркграфа Уладзіслава Індржыха, і чэшскай знаці. Каранацыя Вацлава ў пэўнай ступені адраджала прынцып пераходу прастола па старшынстве, у адпаведнасці з якім чэшскі трон павінен быў заняць старэйшы ў родзе Пржэмыславічаў. Гэта таксама адсякала ад пераходу ў спадчыну прастола бакавыя галіны дынастыі.

Пасля гэтага Пржэмысл Отакар I адправіў адпаведны ліст імператару Фрыдрыху II. Пасланец вярнуўся і паведаміў, што Фрыдрых 26 ліпеня 1216 года пагадзіўся з яго рашэннем.

Вацлаў быў каранаваны 6 лютага 1228 года як суправіцель свайго бацькі. Цырымонію правёў архібіскуп майнцкі Зігфрыд, упершыню па лацінскім абрадзе. Пржэмысл Отакар і Вацлаў пастанавілі, што іх пераемнікі павінны быць каранаваны архібіскупам майнцкімі. У тым выпадку, калі прадстаўнік Майнцкага архібіскупства адмовіцца, біскупа для каранацыі будзе выбіраць сам чэшскі кароль.

Аднавокі кароль

Пячатка Вацлава I

З 1230 года, пасля смерці бацькі, Вацлаў стаў кіраваць самастойна, хоць і знаходзіўся пад моцным уплывам сваёй маці Канстанцыі Венгерскай і сястры. Адзінай жонкай караля была дачка караля Германіі Філіпа Швабскага Кунігунда, з якой ён быў заручаны, калі ёй было каля двух гадоў, а яму — каля сямі.

З дзяцінства Вацлаў меў адхіленні ў сваім развіцці. Ён быў неўротыкам і, верагодна, псіхічнахворым. Ён любіў блукаць у адзіноце ў гушчары лесу, любіў паляванне і аднойчы на паляванні страціў левае вока. Летапісцы адзначаюць, што кароль Вацлаў ненавідзеў гук царкоўных званоў, які выклікаў у яго моцны галаўны боль і прыпадкі, падобныя да эпілептычных. Таму ўсюды, дзе ён з’яўляўся, забаранялася званіць у званы. Сучасная медыцына гаворыць пра праяву ідыясінкразіі — павышанай адчувальнасці да вызначаных частот гукавых хваль.

Падчас кіравання Вацлава I у Чэхію прыйшлі гатычная культура і рыцарскія турніры, атрымала распаўсюджанне прыдворная паэзія і песні. У гэты перыяд умацавалася чэшская дзяржаўнасць, багацела чэшская знаць, актыўна развіваліся будаўніцтва, гандаль і рамёствы.

Вацлаў, як і яго бацька, падтрымліваў перасяленне немцаў у сваю краіну. Ён быў першым каралём Чэхіі, якія даў прывілеі яўрэям, што ўзбагаціла каралеўскую казну.

Знешняя палітыка

Сварка Вацлава I з імператарам Фрыдрыхам II

Вацлаў працягнуў барацьбу свайго бацькі супраць аўстрыйскага герцага Фрыдрыха II. У 1231 годзе ён уварваўся ў Аўстрыю, абхопленую паўстаннем міністэрыялаў, і спаліў Крэмс. Праз два гады сам герцаг Фрыдрых скарыстаўся канфліктам паміж Вацлавам і яго братам, мараўскім маркграфам Пржэмыслам, уварваўся ў Маравію і заняў замак Бітаў. Але калі аўстрыйскі герцаг захварэў і вярнуўся дамоў, Вацлаў заняў Брно і прымусіў брата да паслушэнства.

Імператар Фрыдрых II тым часам пагрузіўся ў барацьбу з аўтаноміяй князёў, спрабуючы распаўсюдзіць сваю ўладу на ўсю тэрыторыю Свяшчэннай Рымскай імперыі. Вацлаў па яго загадзе нават захапіў Ніжнюю Аўстрыю і Вену.

Вацлаў, аднак, сам з асцярогай успрымаў экспансію імператарскай улады каля сваіх межаў. У выніку ён прымірыўся з аўстрыйскім герцагам Фрыдрыхам II, што павялічыла рызыку адкрытага канфлікту імператара з чэшскім каралём. Фрыдрых Аўстрыйскі паабяцаў сваю пляменніцу Гертруду ў жонкі сыну Вацлава Уладзіславу і аўстрыйскія тэрыторыі на поўнач ад Дуная ў якасці пасагу.

Паміж 1233 і 1237 гадамі Вацлаў ізноў уступіў у канфлікт са сваім малодшым братам Пржэмыслам Мараўскім. Прычынай спрэчкі стала прыбыццё з Карынтыі ў Бржэцлаў Ульрыха III, старэйшага сына сястры Вацлава Юдыты. Вацлаў з вялікім войскам прыйшоў у Маравію і Пржэмысл быў вымушаны бегчы ў Венгрыю да караля Белы IV. Каралева-ўдава Канстанцыя Венгерская выступіла пасроднікам у перамовах і браты памірыліся, Пржэмысл вярнуўся ў Маравію, а пад уладай Вацлава засталіся Оламаўц і Опава.

Барацьба з манголамі

Вацлаў I на выяве XV стагоддзя

Вацлаў загадзя да прыбыцця мангольскіх войскаў умацаваў межы каралеўства, дзякуючы чаму большая частка чэшскіх земляў пазбегла спусташэння. Падчас мангольскага ўварвання ў Цэнтральную Еўропу Вацлаў прыняў заклік пра дапамогу ад свайго швагра, князя Вялікай Польшчы Генрыха II Набожнага. Аднак той вырашыў не чакаць прыбыцця чэшскіх падмацаванняў. У выніку Вацлаў на суткі спазніўся на бітву пры Легніцы, дзе Генрых II Набожны быў разгромлены і забіты (красавік 1241 года). Мангольскі корпус на чале з Байдарам спыніў прасоўванне на захад, рэзка павярнуў на поўдзень і разарыў Маравію, затым у чэрвені перайшоў Карпаты і злучыўся з паўднёвым корпусам у Венгрыі. Вацлаў I аб’яднаўся з Фрыдрыхам II, пад абарону якога бег венгерскі кароль Бела IV, які пацярпеў паражэнне ў бітве на Шаё. Манголы не пайшлі на сутыкненне з сіламі саюзнікаў і неўзабаве пакінулі Венгрыю.

Паўстанне малодшага сына

Пасля смерці Фрыдрыха II Аўстрыйскага ў 1246 годзе Вацлаў Аднавокі арганізаваў шлюб свайго старэйшага сына Уладзіслава з пляменніцай Фрыдрыха Гертрудай Бабенберг. Незадаволеная збліжэннем з аўстрыйцамі чэшская знаць збунтавалася супраць Вацлава і падтрымала прэтэнзіі на прастол з боку яго сына Пржэмысла II Отакара. Вайна паміж бацькам і сынам працягвалася з пераменным поспехам да 1248 года. Пржэмыслу ўдалося захапіць кантроль над большай часткай Чэхіі і аблажыць бацьку ў адным з замкаў. Аднак Вацлаву ўдалося збегчы з замка і, узначаліўшы контратаку на мосце, прымусіць непакорлівага сына да ўцёкаў. Пржэмысл быў ненадоўга пасаджаны ў турму замка Пршымда, а яго саюзнікі пакараны смерцю. У выніку Пржэмысл быў памілаваны і атрымаў тытул маркграфа Маравіі.

Смерць і спадчына

Надмагілле Вацлава I

У 1247 годзе старэйшы сын Вацлава Уладзіславаў, які быў з 1246 года герцагам Аўстрыі, раптоўна памёр. Тады Вацлаў Першы ў 1252 годзе арганізаваў шлюб свайго другога сына, Пржэмысла Отакара, з сястрой Фрыдрыха Маргарытай. У тым жа годзе Гертруда выйшла замуж за сына князя Данііла Галіцкага Рамана, якога таксама падтрымаў венгерскі кароль Бела IV. Барацьба за аўстрыйскі прастол завяршылася ў 1252—1253 гадах на карысць Вацлава і яго сына Пржэмысла Отакара II.

Вацлаў I памёр 23 верасня 1253 года ў Кралуў-Двуры. Яго сэрца і ўнутраныя органы захоўваліся ў касцёле Дзевы Марыі ў Кралуў-Двуры, а цела было пахавана ў Стара-Месце, у Анежскім кляштары.

Сям’я

Жонка: з 1224 года — Кунігунда Гогенштаўфен, дачка Філіпа Швабскага. Дзеці:

Зноскі

  1. 1 2 Czech National Authority Database Праверана 23 лістапада 2019.
  2. Wenzel I. (Wenzel) // Brockhaus Enzyklopädie / Hrsg.: Bibliographisches Institut & F. A. Brockhaus, Wissen Media Verlag
  3. 1 2 3 4 Kindred Britain
  4. (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
  5. Lundy D. R. The Peerage

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Пахаваныя ў Празе
Катэгорыя·Памерлі 23 верасня
Катэгорыя·Памерлі ў Каралеўстве Багемія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Катэгорыя·Дынастыя Пржэмысловічаў
Катэгорыя·Пржэмысловічы
Катэгорыя·Памерлі ў 1253 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Каралі чэшскія
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Празе
Катэгорыя·Кіраўнікі Еўропы XIII стагоддзя
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1205 годзе