wd wp Пошук:

Стара-Места

Ста́ра-Ме́ста (Ста́рэ-Ме́ста, чэшск.: Staré Město — Стары горад, спачатку чэшск.: Pražské Město — Пражскі горад) — гістарычны раён Прагі ў раёне Прага 1 на правым беразе Влтавы, таксама ўключае Стралецкі востраў.

Гістарычна самастойнае паселішча (горад) вырасла з дробных паселішчаў, якія ўзніклі на важным скрыжаванні гандлёвых шляхоў паміж захадам і ўсходам і ўздоўж берага Влтавы яшчэ ў VIII стагоддзі. У IX стагоддзі згадваюцца першыя хрысціянскія пабудовы. У X стагоддзі ў Празе ўжо пасяліліся Пржэмысловічы. Ужо праз стагоддзе тут быў актыўна развіты гандаль. Горад знаходзіўся на іншым беразе ад Пражскага Града, што давала яму некаторую свабоду. Стара-Места размяшчалася на нізкім беразе, у «Чэшскай хроніцы» гаворыцца пра паводку 1118 года, якая змыла шмат дамоў.

У 1158 годзе быў пабудаваны Юдыцін мост, папярэднік Карлава моста, другі мост у Еўропе. Ён злучыў Стара-Места і Мала-Страну[1].

Звычайна лічыцца, што ў XII стагоддзі ў Празе былі абаронены сценамі толькі грады (Пражскі Град, Вышаград). Адсутнасць сцен стала асабліва небяспечнай, калі напачатку XIII стагоддзя ў Цэнтральнай Еўропе была рызыка нашэсця татараў. Таму Вацлаў I загадаў абнесці гарады сценамі, абараніць дрэвам і каменем, прымусіць манахаў і свецкіх да будаўніцтва равоў і валаў. Мяркуецца, што да 1250 года ўмацаванні былі скончаны. Яны абмяжоўвалі тэрыторыю ў 140 га, агульная даўжыня іх складала 1700 метраў[2].

У XVIII стагоддзі Іосіф II стаў праводзіць шматлікія рэформы. За нядоўгія 10 гадоў свайго кіравання (1780—1790) ён паспеў змяніць Прагу карэнным чынам. Указам 1784 года ён загадаў аб’яднаць пражскія гарады ў адзін — hlavní město Praha, тады Стара-Места стала Прагай I, Нове-Места — Прагай II, Мала-Страна — Прагай III, Градчаны — Прагай IV. Іосіф II распусціў многія царкоўныя інстытуты, сярэдневяковыя арганізацыі, суды. Як орган кіравання ў Празе быў прызначаны магістрат, які стаў размяшчацца ў Старамесцкай ратушы. Для гэтага яе прыйшлося часткова перабудаваць, была знішчана сярэдневяковая зала. Імператар завёў будаўнічыя нормы, пажарныя нормы, рэкамендаваў зацвярджаць праекты з акцэнтам на трываласць і правільнасць і на прамасць вуліц. Фактычна ён прынёс тыя ж думкі, што панавалі пры перабудове Прагі праз 100 гадоў. Крытыкуецца няўвага да гістарычна каштоўных аб’ектаў, цэнтралізацыя (страта самастойнасці пражскіх гарадоў), бюракратызацыя[2].

Славутасці

Уваход на Карлаў мост

Зноскі

  1. Rudolf Pohl. PRAŽSKÝ HRAD. Procházky s architektem Procházkou. — Praha: vlastním náklaedm na Fakultě Dopravní ČVUT, 2007. — 362 с. — ISBN 802396675-8.
  2. 1 2 Jiří Hrůza. Urbanismus světových velkoměst. I díl. Praha. — Praha: Vydavatelství ČVUT, 2003. — 191 с. — ISBN 80-01-02764-3.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Раёны Прагі
Старэ-Места