У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Таліх. Ва́цлаў Та́ліх (чэшск.: Václav Talich; 28 мая 1883, Кромержыж — 16 сакавіка 1961, Бераўн) — чэшскі дырыжор і скрыпач, педагог.
У 1897—1903 гадах вучыўся як скрыпач у Пражскай кансерваторыі ў Яна Маржака і Отакара Шэўчыка, затым нядоўга працаваў у Берлінскай філармоніі, але з-за праблем са здароўем пакінуў Берлін.
Сваю дзейнасць як дырыжор пачаў у 1904 годзе ў Адэсе, працуючы канцэртмайстарам у гарадскім оперным тэатры. У 1905—1907 гадах працаваў і выкладаў у Тбілісі, у 1908—1912 гадах узначальваў Славенскі філарманічны аркестр у Любляне, затым у 1912—1915 гадах працаваў у Пльзені. У 1919—1931, 1934—1941 гадах галоўны дырыжор Чэшскага філарманічнага аркестра. У 1931—1932 гадах працаваў у Швецыі.
У 1935 годзе быў прызначаны кіраўніком Нацыянальнага тэатра ў Празе. У 1945 годзе быў вымушаны пакінуць пост па прычыне зачынення тэатра немцамі падчас Другой сусветнай вайны. Пасля заканчэння вайны зноў заняў пост, але ў 1947 годзе быў звольнены. Паўторна займаў пост у 1948 годзе, але ў гэтым жа годзе быў звольнены. У 1946—1948 гг. узначальваў створаны ім са студэнтаў Пражскай кансерваторыі Чэшскі камерны аркестр[7]. У 1949 годзе ўзначаліў створаны ім Славацкі філарманічны аркестр у Браціславе (да 1952 года).
У 1957 годзе атрымаў званне народнага артыста ЧССР.
Таліх займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. Сярод яго вучняў Чарлз Макерас, Карэл Анчэрл і інш. Вядомы сваімі інтэрпрэтацыямі чэшскіх кампазітараў Антаніна Дворжака, Бедржыха Сметаны, Іозефа Сука. Шмат зрабіў для ўключэння опер Леаша Яначака ў рэпертуары тэатраў. Склаў сімфанічную сюіту з оперы Яначэка «Прыгоды ліскі-хітрухі».