Васіль Маркіянавіч (1730, Слуцк — ?) — мастак-іканапісец са Слуцка.
Дакладнае веданне імя В. Маркіянавіча — унікальны выпадак у гісторыі іканапісу, які, як правіла, быў ананімны, бо па старажытнай традыцыі мастакі не лічылі сябе вартымі падпісваць свае творы[1].
Васіль Маркіянавіч падпісаў толькі адзін свой абраз — «Дэісус» — цэнтральную частку іканастаса Свята-Пакроўскай царквы ў вёсцы Вялікі Рожан былога Слуцкага княства[1].
У 1758—1766 гадах працаваў у Слуцкім Трайчанскім манастыры і ў іншых месцах Случчыны, у тым ліку ў сяле Вялікі Рожан (цяпер Салігорскі раён)[2].
Прафесійнае майстэрства атрымаў (магчыма ўдасканальваў) у жывапіснай школе пры Кіева-Пячэрскай лаўры[3].
Творы В. Маркіянавіча «Дэісус» (1758), «Благавешчанне», «Пакроў», «Тройца» (1761), «Маці Божая Дцзігітрыя», «Уваскрэсенне» (1766) напісаны для Пакроўскай царквы ў вёсцы Вялікі Рожан. Цяпер яны знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі[2].
Выконваў гравюры і малюнкі для вокладак Евангелля[2][4].
У канцы 1960-х гадоў навуковая экспедыцыя Беларускага дзяржаўнага мастацкага музея, якую ўзначаліла доктар мастацтвазнаўства Надзея Высоцкая, прывезла з Чыжэвічаў шэсць абразоў з іканастасу — высокамастацкіх, падобных па манеры выканання. Навуковая экспертыза, праведзеная ў музеі, пацвердзіла: увесь іканастас — сем абразоў — належаў аднаму мастаку. Гэта вызначылася па адметнай аўтарскай манеры. Стыль В. Маркіянавіча, як іканапісца, мае наступныя рысы: мастак ужывае роспіс па ляўкасу, арнаменты, лепныя фаны (барэльеф), на іконы спачатку наклейваў пячаткі, а потым іх залаціў. Адметна пісаў лікі святых. Іх вызначала светлая карнацыя (светлы колер твараў), выпісаныя дэталі, напрыклад, павекі[1].
Большая частка ікон з Вялікага Рожана цяпер знаходзіцца ў Беларускім нацыянальным мастацкім музеі, у тым ліку і творы В. Маркіянавіча[1]. Іншыя творы мастака знаходзяцца ў гістарычным музеі Літвы, беларускім музеі ў Вільнюсе, зборы нацыянальнага Кіева-Пячэрскага запаведніка і г. д[1].