wd wp Пошук:

Васіль Маркіянавіч

Васіль Маркіянавіч (1730, Слуцк — ?) — мастак-іканапісец са Слуцка.

Імя

Дакладнае веданне імя В. Маркіянавіча — унікальны выпадак у гісторыі іканапісу, які, як правіла, быў ананімны, бо па старажытнай традыцыі мастакі не лічылі сябе вартымі падпісваць свае творы[1].

Васіль Маркіянавіч падпісаў толькі адзін свой абраз — «Дэісус» — цэнтральную частку іканастаса Свята-Пакроўскай царквы ў вёсцы Вялікі Рожан былога Слуцкага княства[1].

Біяграфія

У 1758—1766 гадах працаваў у Слуцкім Трайчанскім манастыры і ў іншых месцах Случчыны, у тым ліку ў сяле Вялікі Рожан (цяпер Салігорскі раён)[2].

Прафесійнае майстэрства атрымаў (магчыма ўдасканальваў) у жывапіснай школе пры Кіева-Пячэрскай лаўры[3].

Творчасць

«Дэісус». Адзіная ікона, на якой В. Маркіянавіч паставіў свой подпіс

Творы В. Маркіянавіча «Дэісус» (1758), «Благавешчанне», «Пакроў», «Тройца» (1761), «Маці Божая Дцзігітрыя», «Уваскрэсенне» (1766) напісаны для Пакроўскай царквы ў вёсцы Вялікі Рожан. Цяпер яны знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі[2].

Выконваў гравюры і малюнкі для вокладак Евангелля[2][4].

У канцы 1960-х гадоў навуковая экспедыцыя Беларускага дзяржаўнага мастацкага музея, якую ўзначаліла доктар мастацтвазнаўства Надзея Высоцкая, прывезла з Чыжэвічаў шэсць абразоў з іканастасу — высокамастацкіх, падобных па манеры выканання. Навуковая экспертыза, праведзеная ў музеі, пацвердзіла: увесь іканастас — сем абразоў — належаў аднаму мастаку. Гэта вызначылася па адметнай аўтарскай манеры. Стыль В. Маркіянавіча, як іканапісца, мае наступныя рысы: мастак ужывае роспіс па ляўкасу, арнаменты, лепныя фаны (барэльеф), на іконы спачатку наклейваў пячаткі, а потым іх залаціў. Адметна пісаў лікі святых. Іх вызначала светлая карнацыя (светлы колер твараў), выпісаныя дэталі, напрыклад, павекі[1].

Спадчына

Большая частка ікон з Вялікага Рожана цяпер знаходзіцца ў Беларускім нацыянальным мастацкім музеі, у тым ліку і творы В. Маркіянавіча[1]. Іншыя творы мастака знаходзяцца ў гістарычным музеі Літвы, беларускім музеі ў Вільнюсе, зборы нацыянальнага Кіева-Пячэрскага запаведніка і г. д[1].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 Салодкіна Л. Малеж Васiль Маркiянавiч…
  2. 1 2 3 Маркіянавіч Васіль (1730-?) // Мастакі Случчыны / І. А. Ціткоўскі. — Слуцк, 2006.
  3. Ярашэвіч Аляксандр. «І напоўніліся ўсе духам святым…» // «Наша Вера» № 2(12), 2000.
  4. Слуцкая палитра: Из фондов Слуцкого краеведческого музея: фотоальбом / сост., авт. текста Н. Г. Серик; фото В. А. Сибрикова. — Минск: Літаратура і Мастацтва, 2010. — С. 5. — 64 с.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1730 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Слуцку
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Іканапісцы Беларусі
Катэгорыя·Мастакі Беларусі
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без партрэтаў