wd wp Пошук:

Варатынскае княства

Варатынскае княства — феадальная дзяржава ва Усходняй Еўропе. Цэнтр — г.Варатынск. Утварылася у выніку драблення Навасільскага княства ў пачатку XV ст. на Адоеўскае, Бялёўскае і Варатынскае ўдзельныя княствы. Удзельныя князі па-ранейшаму насілі агульнае радавое прозвішча Навасільскіх. Старэйшы ў родзе князь тытулаваўся навасільскім і адоеўскім. Варатынскія князі вялі барацьбу за старшынство сярод навасільскіх князёў з князямі адоеўскімі. Папераменна займаючы лідзіруючае становішча, варатынскія і адоеўскія князі заключалі дамовы з вялікімі князямі ВКЛ. Вядомы пагадненні 1442 г. і 1483 г. варатынскіх і 1459 г. адоеўскіх. Да канца XV ст. супрацьстаянне 2 ліній навасільскіх князёў прымае адкрытыя формы і перарасло ў варожасць. Варатынск ў складзе Навасільскага княства з канца XIV ст. знаходзіцца ў залежнасці ад ВКЛ. Аднак афіцыйна варатынскія прысягнулі Вітаўту толькі ў 1427 г. у час паездкі апошняга ў раён вярхоў’яў Акі, у Разанскае і Пронскае княствы. Варатынскія князі прысутнічалі на Луцкім з’ездзе 1429 г. і Віленскім з’ездзе 1430 г. У адрозненне ад іншых Вярхоўскіх княстваў, Варатынскае княства захавала адносную самастойнасць, а варатынскія князі Варатынскія не пераўтварыліся ў звычайных вотчыннікаў і захавалі к канцу XV ст. княжацкія правы. У выніку шматлікіх падараванняў гаспадароў ВКЛ уладанні варатынскіх князёў значна павялічыліся і цягнуліся шырокай паласой уздоўж ракі Акі і яе прытока Угры, ствараючы першую лінію абароны супраць Вялікага княства Маскоўскага. У 1487 г. пачаліся напады маскоўскіх служылых людзей на ўладанні варатынскіх князёў. У 1489 г. Варатынск быў разбураны. Варатынскія князі паступова (1487, 1489, 1492 гг.) пераходзілі на бок Масквы. У 14921493 гг. варатынскія і іншыя вярхоўскія князі ўжо з маскоўскага боку рабілі напады на верхнеокскія гарады (Масальск, Сярпейск, Мезецк і інш.), што засталіся вернымі вялікаму князю ВКЛ. Па дагавору 1494 г. ВКЛ адмовіўся ад правоў на вотчыны варатынскіх князёў. Аднак частка іх ўладанняў (раней падараваных ім) засталася ў складзе ВКЛ (Залідаў, Бышкавічы, Апакаў і інш.). Пасля вайны 1500—1503 гг. уся тэрыторыя Вярхоўскіх княстваў увайшла ў склад Расійскай дзяржавы. Галоўным абавязкам варатынскіх князёў стала абарона раёна верхняй Акі ад набегаў крымскіх татар. Удзел Варатынскіх канчаткова скасаваны ў 1562 г. пры цару Іване IV.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Княствы Русі
Катэгорыя·Княствы ў беларускай гісторыі
Катэгорыя·Вярхоўскія княствы