wd wp Пошук:

Бялёўскае княства

Бялёўскае княства — феадальная дзяржава ва Усходняй Еўропе. Адно з Вярхоўскіх княстваў. Займала невялікую тэрыторыю ў вярхоўях ракі Акі. Вылучылася са складу Навасільскага княства ў пачатку 15 ст. Каля 14061408 было захоплена Вітаўтам; пры гэтым бялёўскія князі ад’ехалі ў Маскву разам з літоўскім князем Свідрыгайлам, але вярнуліся ў сваю вотчыну да 1425. Частка зямель Бялёўскага княства была падаравана Вітаўтам тарускім князям — заснавальнікам дынастыі князёў Мезецкіх. У 1437 Бялёў быў заняты выгнанымі з Арды татарамі хана Улуг-Мухамеда. Сумеснае літоўска-маскоўскае войска, якое рушыла на Бялёў, спустошыла яго наваколлі, але было ўшчэнт разбіта татарамі. Пасля таго, як у пачатку 1440-х г. арда Улуг-Мухамеда пакінула Бялёў, бялёўскія князі Фёдар і Васілій Міхайлавічы былі пераселены маскоўскім вялікім князем Васілём II на Волак Ламскі. Аднак неўзабаве яны былі вернуты ў свае ўладанні. 21.04.1459 г. князі Бялёўскія разам з князем навасільскім і адоеўскім Іванам Юр’евічам заключылі пагадненне аб сваім васалітэце з Казімірам IV. У канцы 1487 на бок Масквы перайшоў князь Іван Васільевіч Бялёўскі. У 1492 ён здзейсніў паход на ўладанні сваіх братоў Васілія і Андрэя. Апошнія вымушаны былі таксама перайсці на маскоўскую службу. Такім чынам, астатнія землі Бялёўскага княства былі далучаны да Маскоўскай дзяржавы. Па ўмовах мірнага дагавору 5.02.1494 Бялёў застаўся за Масквой. З маскоўскага боку бялёўская князі пачынаюць аказваць ціск на суседні Мцэнск, які заставаўся за ВКЛ. Невыпадкова пасля захопу Мцэнска ў пачатку 1500 ваяводай у ім стаў Іван Бялёўскі. Пры маскоўскім двары Бялёўскія князі не мелі вялікага значэння. Вотчынныя ўладанні захоўваліся за імі да сярэдзіны 15 ст., але статус удзельнага княства, яны, напэўна, не мелі.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Вярхоўскія княствы