wd wp Пошук:

Адоеўскае княства

Адоеўскае княства — феадальная дзяржава ва Усходняй Еўропе. Утварылася ў сувязі з пераносам у 1375 князем Раманам Сямёнавічам сталіцы Навасільскага княства ў г. Адоеў на правым беразе р. Упа (прыток Акі). Пасля перамогі вяліка князя ВКЛ Альгерда ў бітве каля Сініх Вод 1362 г. Адоеўскае княства, як і іншыя Вярхоўскія княствы, трапіла пад уплыў ВКЛ. У 1-й палове XV ст. актыўная палітыка вялікага князя ВКЛ Вітаўта ў напрамку вярхоўяў Акі не закранула ўладанняў адоеўскіх князёў, якія, адпаведна з маскоўска-разанскай дамовай 1402 г., знаходзіліся «на баку» вялікага князя маскоўскага. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1406—08 гг. у 1407 г. Адоеў захоплены і спалены літвінамі; на тэрыторыі Адоеўскага княства заснавана намесніцтва з цэнтрам у г. Мцэнск. Пасля 1408 г. адоеўскі князь паранейшаму служыў Маскве. У 1422 г. вялікі князь ВКЛ Вітаўт вызваліў князя Ю. Р. Адоеўскага, якога татары трымалі ў аблозе ў Адоеве. У 1427 г. князі навасільскага дому прызналі васальную залежнасць ад Вітаўта, які аднавіў антыардынскую палітыку ВКЛ. Дзякуючы свайму пагранічнаму становішчу Адоеўскае княства захавала пэўную самастойнасць у складзе ВКЛ. Адносіны з велікакняжацкай уладай рэгуляваліся дагаворамі, за князямі захоўвалася права «ад’язджаць» ад вялікага князя ВКЛ са сваімі ўладаннямі. Вядомы дагаворы 1442 г. і 1459 г. У 1473 г. на маскоўскую службу перайшоў С. Ю. Адоеўскі, але яго неўзабаве забілі. 10 красавіка 1483 г. быў адноўлены дагавор вялікага князя ВКЛ Казіміра з адоеўскімі і іншымі князямі. У 1487 г. пачалася вайна паміж ВКЛ і Вялікім княствам Маскоўскім, у якой найбольш актыўнымі прыхільнікамі Масквы выступілі адоеўскія князі. У выніку дагавора 1494 г. Казімір быў вымушаны адмовіцца ад вярхоўнай улады над адоеўскімі і некаторымі іншымі князямі, уладанні якіх зрабіліся часткай Вялікага княства Маскоўскага.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Вярхоўскія княствы