У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Ляховіч. Валянціна Антонаўна Ляховіч (нар. 3 мая 1945, ст. Дзівенская, Гатчынскі раён, Ленінградская вобласць) — беларускі мастак.
Скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава (1969). Удзельніца мастацкіх выстаў з 1967 года. Працавала на Віцебскім камбінаце мастацтваў. Выкладала на мастацка-графічным факультэце ВДУ імя П. М. Машэрава. Член Саюза мастакоў СССР (1973), Беларускага саюза мастакоў. Жыве ў Віцебску.
Працуе пераважна ў акварэлі, змяшанай тэхніцы, стварае аб’екты.
Сярод работ: акварэлі «Восень» (1966), «Куток старога Віцебска» (1972), «Свята на Дзвіне» (1982), «Лучоса ўвечар» (1984), трыпціх «Ранняя вясна» (1976); абстрактныя «Калаж» (1989), «Разбураны свет» (1991), «Мастак і час» (1994), «Стварэнне свету» (1997), «Вялікая хваля» (2002), «Малітва» (2008), «Два сусветы ёсць у чалавека…» (2008); серыя «Жанчына і папугай» (1993). Аўтар аб’ектаў «Рыба» (2005), «Чалавек-дрэва» (2006), «Энергія» (прысвячэнне Фернану Лежэ) (2010), «Руды мастак» (2010) і інш.
Творы мастачкі знаходзяцца ў Віцебскім мастацкім музеі, музеі Марка Шагала (Віцебск), Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск, Беларусь), Полацкай карціннай галерэі (Беларусь), музеі Verenzhain (Германія), галерэі «Урбан» Сарагоса (Іспанія).