wd wp Пошук:

Валерый Сядоў

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сядоў. Валерый Сядоў (нар. 5 сакавіка 1952, Грузія) — апошні палітвязень у гісторыі БССР, сябра БНФ «Адраджэньне», адзін з заснавальнікаў «Венскага камітэта».

Біяграфія

Нарадзіўся ў Грузіі ў 1952 г. ў расійскай сям’і, ягоны дзед паходзіў з казакоў, высланых на Каўказ імператрыцай Кацярынай ІІ.

У 1970 скончыў Сувораўскае вучылішча[1]. У вучылішчы вучыўся разам з вядомым грамадскім дзеячом, адным з заснавальнікаў Беларускага згуртавання вайскоўцаў палкоўнікам Уладзімірам Барадачом[2] і журналістам і філосафам Канстанцінам Скуратовічам[3].

Валерый Сядоў быў супрацоўнікам газеты «Навіны БНФ Адраджэньня», працаваў у Інстытуце філасофіі Акадэміі навук, вучыўся ў аспірантуры. Калі ў 1988 годзе ўтварыўся Беларускі Народны Фронт, В.Сядоў стаў сябрам грамадска-палітычнага руху. Неўзабаве быў абраны сябрам Управы БНФ.

У 1989 годзе Управа БНФ накіравала В.Сядова ў Тбілісі, дзе 9 красавіка 1989 г. войскі Савецкай арміі з ужываннем халоднай зброі і газу гвалтоўна разагналі апазіцыйны мітынг каля Дома ўраду Грузінскай ССР. У выніку загінула 19 удзельнікаў мітынгу, а некалькі сотняў з траўмамі звярнуліся ў лякарню. Управа БНФ адправіла В.Сядова з афіцыйнай місіяй — выразіць спачуванне грузінскім дэмакратычным сілам, наладзіць з імі кантакты і вызначыць, чым можна дапамагчы.

В.Сядоў выступаў падчас жалобнага мітынгу, прысвечанага ахвярам трагедыі 9 красавіка ў Тбілісі. Пасля вяртання ў Мінск, ён актыўна каментаваў падзеі, якія адбыліся ў Грузіі з асуджэннем імперскай палітыкі СССР. За гэта быў звольнены з інстытута і з аспірантуры, калі ўжо меўся выходзіць на абарону кандыдацкай у 1989 г.

У 1990 г. Валерый Сядоў стаў адным з заснавальнікаў праваабарончай арганізацыі «Венскі камітэт». Сябры «Венскага камітэта» забяспечвалі юрыдычную дапамогу, выступалі с праваабарончымі ідэямі на мітынгах, у вольнай прэсе, удзельнічалі ў міжнародных праваабарончых канферэнцыях[4].

Жанаты. Жонка Ірына Логінава. Сын Міхаіл.

Храналогія пераследу

7 лістапада 1990 года Валерый Сядоў удзельнічаў у антыкамуністычным мітынгу ў Мінску перад Домам ураду. Падчас мітынгу В.Сядоў узлез на пастамент помніка Леніну і прымацаваў да яго крыж, абматаны калючым дротам і куфайку, як сімвал ГУЛАГу. Ён усклаў да помніка Леніна гэтыя сімвалы камуністычных рэпрэсіяў «ад імя дзясяткаў мільёнаў рэпрэсаваных, і беларусаў у тым ліку».

7 траўня 1991 г. пастановай Пракуратуры БССР В.Сядоў быў арыштаваны і пасаджаны у СІЗА №1 г. Мінска, на «Валадарку». Крымінальная справа была заведзеная ў выніку «парушэння грамадскага парадку»[5]. У СІЗА ён правёў 70 дзён, амаль палову з якіх, 32 дні, галадаў. В. Сядоў быў першым, хто абвесціў у Беларусі ў 90-я гады 20-га стагоддзя палітычную галадоўку. Падчас зняволення В.Сядоў адмовіўся сведчыць супраць арганізатараў мітынгу.

У выніку пратэсту дэмакратычных дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР, асабліва старшыні БНФ «Адраджэнне» Зянона Пазняка, і шырокай грамадскасці В. Сядоў быў выпушчаны на волю пад падпіску. У 1991 годзе быў створаны дабраахвотны фонд у падтрымку В.Сядова і іншых ахвяраў рэжыму за ўдзел у антыкамуністычным мітынгу, у які ўвайшлі мастакі Мікола Купава, Аляксей Марачкін, грамадскія актывісты Мая Кляшторная і Алесь Каралёў. Гэта была першая ў Беларусі падобнага кшталту праваабарончая ініцыятыва[6].

Крымінальная справа супраць В.Сядова была спыненая 05.02.1992 года[7].

В.Сядоў працаваў журналістам у розных выданнях.

Праз 20 гадоў В.Сядоў ізноў вярнуўся ў вулічную палітыку. 19 студзеня 2011 г. В. Сядоў з іконай і партрэтам М.Статкевіча выйшаў да Чырвонага касцёла ў Мінску на пікет салідарнасці з палітвязнямі, якія з’явіліся пасля разгону Плошчы 19 снежня 2010 г.

За ўдзел у пікеце В.Сядоў быў асуджаны на 12 сутак арышту[8].

З 2011 г. жыў у Варшаве. Займаўся ў дактарантуры Варшаўскага ўніверсітэта кардынала Вышынскага, удзельнічаў у пікетах i іншых мерапрыемствах беларусаў у Варшаве[9].

Памёр 10 сакавіка 2016 г. ў Варшаве[10]. Развітанне з Валерыем Сядовым адбылося 19 сакавіка 2016 г. ў Мінску[11].

Літаратура

Зноскі

  1. Былыя сувораўцы: Нашая вучэльня мусіць насіць імя Касцюшкі ці Каліноўскага
  2. Владимир Бородач: Я вышел на след останков Захаренко Архівавана 15 верасня 2017.
  3. СКУРАТОВИЧ Константин Иванович
  4. Праваабарончая дзейнасьць у Беларусі. Ад вытокаў да апошніх дзён
  5. Постановление Президиума Верховного Совета Республики Беларусь от 22 ноября 1990 г. № 410-XII «О нарушении общественного порядка при проведении альтернативного митинга 7 ноября 1990 года в городе Минске»
  6. Сядоў Валеры Збор подпісаў у падтрымку В.Сядова(недаступная спасылка)
  7. Валер Сядоў: “Пракурор казаў: «Здай Пазьняка і пойдзеш дахаты»
  8. Валеры Сядоў — за кратамі
  9. Хто «камандуе парадам»?(недаступная спасылка)
  10. Памёр дысідэнт Валерый Сядоў, яму было 64 гады
  11. Разьвітаньне зь беларускім дысыдэнтам, які галадаў, як Саўчанка, — Валер Сядоў адышоў у іншы сьвет

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Памерлі 10 сакавіка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра палітыкаў без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1952 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Грузіі
Катэгорыя·Памерлі ў 2016 годзе
Катэгорыя·Удакладненне арфаграфіі
Катэгорыя·Памерлі ў Варшаве
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Палітвязні Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся 5 сакавіка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Палітыкі Беларусі
Катэгорыя·Палітыкі паводле алфавіта