wd wp Пошук:

Біф

Біф (ад англ.: beef — бык (ялавічына), у пераносным сэнсе скарга, незадаволенасць) — варожасць паміж прадстаўнікамі хіп-хоп культуры[1].

Біфы, іх адметнасці і негалосныя правілы паводзін складаюць важную частку хіп-хоп культуры. Найбольш вядомымі з’яўляюцца біфы паміж рэперамі. Аднак такія канфлікты здараюцца і паміж іншымі носьбітамі хіп-хоп культуры: дыджэямі, бі-боямі, райтарамі. Прычынамі біфаў зазвычай робяцца закіды ў плагіяце, прэтэнзіі на лідарства ў жанры (неабгрунтаваныя, на думку апанента), творчыя супярэчнасці, якія нельга залагодзіць, прыналежнасць да канкурэнтных рэкард-лэйблаў і нават абразлівыя выказванні.

На практыцы канфлікты праяўляюцца ў адмыслова запісаных трэках (традыцыйна званых дысамі) і інтэрв’ю, радзей — у бойках і перастрэлках, якія калі-нікалі сканчаюцца забойствамі.

Найбольшую вядомасць сярод біфаў атрымала так званая «вайна узбярэжжаў», якая забрала з жыцця Тупака Шакура і Notorious B.I.G. у 1990-х, і шматлікія біфы 50 Cent у 2000-х.

На беларускай глебе

Сучасныя слоўнікі беларускай мовы паняцце «біф» не фіксуюць, аднак у інтэрнэт-выданнях яно сустракаецца[1][2].

Пашыранасць біфаў як з’явы ў беларускай хіп-хоп культуры не даследвалася. Першыя спробы біфаў у беларускамоўным рэпе звязаны з прэтэнзіямі Амбасадара Кроў да Аляксандра Памідорава[3], што вылілася ў дыс «Агародніна/OFF» (2007), але зваротнай публічнай рэакцыі не адбылося.

Вузкасць абсягу беларускамоўнай хіп-хоп культуры стварае спецыфічную атмасферу: выклік рэперу можа кінуць бард (Сяргей Башлыкевіч — Вожыку, 2015)[4]; паэт выкарыстоўвае механізмы разгортвання біфу для выяўлення незадаволенасці іншымі вершапісцамі (Мікіта Найдзёнаў з яго выклікам да Антона Рудака, Віталя Рыжкова, Уладзя Лянкевіча, 2016)[5][6]; пераўвасоблены ў рэпера паэт стварае дыс на барда (Angst на Сяргея Башлыкевіча, 2017)[7]. Пры гэтым сур’ёзнасць намераў названых пачынальнікаў біфаў не з’яўяецца відавочнай, а рэакцыя апанетаў накіроўваецца на тое, каб загасіць меркаваную варажнечу ў зародку.

Зноскі

  1. 1 2 Гл. адп. сл. арт.: Батлы на Нямізе
  2. Хіп-хоп па-беларуску
  3. Кроў: «Памідораў для мяне халуй!» Архівавана 12 верасня 2018.
  4. Бард Башлыкевіч бязлітасна прасцябаўся з рэпера Вожыка
  5. Мікіта Найдзёнаў. Выклiк на паэтычны батл (відэа)
  6. Віталь Рыжкоў прыняў выклік Найдзёнава на паэтычны батл, але пры адной умове Архівавана 28 ліпеня 2017.
  7. Першы беларускі рэп-серыял. Angst выказаў дысрэспект Башлыкевічу
Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Хіп-хоп