ААТ «Бярозаўскі КСВ» (Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў) — беларускае прадпрыемства прамысловасці будаўнічых матэрыялаў. Размешчана ў Бярозаўскім сельсавеце Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці[1].
У 1958—1961 гадах быў збудаваны Новабярозаўскі вапнавы завод[2], раней у Бярозе дзейнічаў вапнавы завод № 6 трэсту нярудных матэрыялаў Наркамата (Міністэрства) прамысловасці будматэрыялаў БССР (з 1957 года ўпраўлення прамысловасці будматэрыялаў СНГ БССР)[3]. У 1961—1965 гадах Новабярозаўскі вапнавы завод падпарадкоўваўся ўпраўленню прамысловасці будматэрыялаў СНГ БССР, у 1965—1990 гадах — Міністэрству прамысловых будматэрыялаў БССР. У 1990 годзе Новабярозаўскі вапнавы завод быў ператвораны ў Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў. У 1991—1994 гадах камбінат падпарадкоўваўся Міністэрству прамысловасці будматэрыялаў Рэспублікі Беларусь, у 1994 годзе перададзены ў падпарадкаванне Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. У 2000 годзе камбінат ператвораны ў аднайменнае адкрытае акцыянернае таварыства[3] (па іншай інфармацыі, ператвораны ў адкрытае акцыянернае таварыства ў 1990 годзе[2]).
У 2005 годзе камбінат вырабляў будаўнічую вапну, дробныя сценавыя блокі, пенаполістырольныя цеплаізаляцыйныя пліты[2].
У 2007 годзе кампанія была прыватызаваная групай «Трайпл» ураджэнца Бярозаўскага раёна Юрыя Чыжа[4]. Пасля прыватызацыі прадпрыемства пастаўляла прадукцыю для будаўнічага бізнесу Чыжа і на экспарт, але заставалася стратным[5]. У 2016 годзе Чыж пачаў рэструктурызацыю групы «Трайпл». Сярод іншага, было праведзена аб’яднанне аддзелаў збыту з СЗАТ «Кварцмелпрам», якое таксама належыла Чыжу, і абодва прадпрыемствы пачалі дзейнічаць сумесна пад брэндам «SLS Group»[6].
23 ліпеня 2019 года Эканамічны суд Брэсцкай вобласці(бел. (тар.)) бел. пачаў разглядаць справу аб банкруцтве ААТ «Бярозаўскі КСВ»[7]. У лютым 2020 года Украіна — адзін з найбуйнейшых рынкаў збыту прадукцыі прадпрыемства — увяла антыдэмпінгавыя пошліны на газабетонныя блокі ААТ «Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў»[8]. 7 красавіка 2020 года эканамічны суд Брэсцкай вобласці прызнаў прадпрыемства банкрутам, прызначыўшы санацыю[9]. У маі 2020 года заяву аб прызнанні банкрутам накіравала ў суд і матчыная кампанія «Трайпл»[10].
23 сакавіка 2012 года Савет Еўрапейскага саюза ўнёс Юрыя Чыжа і яго кампаніі, у тым ліку Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў у «Чорны спіс Еўрасаюза»[11][12]. 6 кастрычніка 2015 года суд Еўрапейскага саюза скасаваў рашэнне Савета ЕС аб увядзенні санкцый супраць Чыжа і яго прадпрыемстваў[13][14].