Будынак Свіслацкай гімназіі — архітэктурны помнік класіцызму ў горадзе Свіслач па вул. Дзяржынскага, 3. Будынак быў спраектаваны для Свіслацкай мужчынскай гімназіі, цяпер у ім змяшчаецца бальніца. Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.
Планіроўка будынкаў адпавядала класіцыстычным нормам (праект Я. Шантыра). Па-першае, гэта трохчасткавая кампазіцыя — на адной лініі з цэнтральным аднапавярховым галоўным корпусам знаходзіліся два сіметрычныя невялікія флігелі. У вырашэнні будынкаў прысутнічала нязменная каланада: у галоўнага корпуса — чатырнаццацікалонны порцік, у флігелях — шасцікалонныя. Характэрнае для класіцызму размяшчэнне парадных пакояў на першым плане і адвядзенне ўвагі ад жылых памяшканняў таксама прысутнічаюць у будынках гімназіі[1].
Дэкор падкрэсліваў строгасць установы. Выключэннем былі сандрыкі над вокнамі трох карпусоў[1].
Галоўны будынак гімназіі быў пабудаваны напярэдадні афіцыйнага адкрыцця таксама на сродкі Тышкевіча. Гэта прамавугольны ў плане аднапавярховы будынак, накрыты двухсхільным дахам. Заходні тарцовы фасад аформлены каланадай дарычнага ордара з атыкам. Два ўваходы на бакавым фасадзе завершаны ў выглядзе порцікаў з дзвюма парамі квадратных у сячэнні слупоў. Унутраная планіроўка і дэкор інтэр’ера не захаваліся. У галоўным корпусе было змешчана шэсць лекцыйных залаў, два кабінеты, капліца, якая выконвала ролю і актавай залы, бібліятэка, дзве кухні[1].
У флігелях знаходзіліся кватэры настаўнікаў і пакоі гімназістаў[1].
Вакол гімназіі быў разбіты сад з сажалкай[1].