wd wp Пошук:

Братоша

Братоша (Братош, Братша) Кайлутавіч (упам. з 1370-х — да 1414) — набліжаны баярын вялікага князя Вітаўта.

Родапачынальнік Зяновічаў. Паводле генеалагічнага падання XVI ст., Зяновічы выводзілі сябе ад сербскага ці малдаўскага дэспата, т.б. намесніка правінцыі, які з’ехаў у Вялікае княства Літоўскае, на службу да вялікага князя Вітаўта. Паводле Рымвідаса Пятраўскаса, паданне магло мець гістарычную аснову, бо імя Братоша і праўда было характэрна для сербаў, а княжацкае паходжанне тлумачыць далучэнне Братошы да вялікалітоўскай эліты. Праўда, імя Братоша не сустракаецца сярод сербскай арыстакратыі, толькі ў простанароддзі, і арыстакраты пры неабходнасці эмігравалі звычайна на Захад, у Венгрыю або Венецыю.

У 1370-я гады быў радцам кн. Андрэя Альгердавіча, у т.л. у 1370—1377 гадах выступаў сведкам яго граматы на сяло Семянцова баярам Фёдару і Дзмітрыю, родапачынальнікам Корсакаў[1]. Снежнем 1388 года разам з панам Мінігайлам і князем Юрыем Кажушнам ездзіў у Маладзечна каб засведчыць прысягу князя Дзмітрыя Альгердавіча польскаму каралю Уладзіславу Ягайле[2]. Напэўна на пачатку 1389 года, ездзіў разам з кн. Альгімонтам[3] паслом князя Лугвена Альгердавіча ў Ноўгарад Вялікі[2].

У 1387-1392 годзе сярод іншых баяраў паручыўся князю Скіргайлу за Грыдку Канстанцінавіча[2], тады ж Братоша атрымаў ад караля Ягайлы Глыбокае. Браў удзел у падрыхтоўцы і падпісанні Салінскага дагавора (1398)[2]. Пасля прыходу да ўлады вялікага князя Вітаўта, да 1404 года быў у яго радзе. У 1399 годзе па даручэнні вялікага князя Вітаўта суправаджаў пасланнікаў з Рыгі ў Полацк[2]. Напэўна, у часы вялакага князя Вітаўта ўладанні Братошы перайшлі са складу Полацкай зямлі ў склад Віленскага ваяводства.

Не згадваецца сярод літоўскіх баяраў, у 1413 годзе прынялых польскія гербы ў Гарадле, што можа сведчыць пра праваслаўнае веравызнанне, але магчыма Братоша памёр да гэтага часу, бо ў 1414 годзе яго сын Зяновій атрымаў ад вялікага князя Вітаўта пацвярджэнне правоў на бацькоўскія маёнткі.

Валодаў Мышшу, Паставамі з вялікім абшарам да ракі Дзісны і мяжы тагачаснай Полацкай зямлі, а таксама Глыбокім. Меў сыноў Івашку і Зяновія (вядомыя з 1396).

Магчыма, служыў яшчэ вялікаму князю Альгерду і ездзіў яго паслом у Арду. Прынамсі ў Шырокай рэдакцыі «Сказання пра Мамаева пабоішча», наўгародскае паходжанне якой паказаў С. М. Азбелеў, згадваецца літоўскі пасол Барцяш, чэх паходжаннем, які напярэдадні Кулікоўскай бітвы ездзіў да беклярбека Мамая і потым адгаворваў Альгерда ад саюзу з ім, за што Альгерд хацеў забіць яго. Аднак, Альгерд памёр у 1377 годзе, за некалькі гадоў да бітвы, хоць і праўда падтрымліваў сувязі з Ардой.

Зноскі

  1. Кузьмин, 2007
  2. 1 2 3 4 5 Лицкевич, 2014, с. 53.
  3. Polechow, Butyrski, 2018, p. 452

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Зяновічы
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Баяры літоўскія
Катэгорыя·Асобы, чыя дата смерці не вызначана
Катэгорыя·Памерлі ў 1404 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Асобы, чыя дата нараджэння не вызначана
Катэгорыя·Асобы