wd wp Пошук:

Богінскае

Бо́гінскае, Богіна — возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. У басейне ракі Дзісна, за 28 км на паўднёвы захад ад горада Браслаў, каля вёскі Богіна. Знаходзіцца на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры».

Плошча 13,2 км². Даўжыня 9,1 км. Найбольшая шырыня 2,9 км. Даўжыня берагавой лініі 32,2 км. Найбольшая глыбіня 15 м, сярэдняя 4,7 м. Аб′ём вады 64,4 млн м³. Плошча вадазбору 914 км².

Катлавіна возера падпруднага тыпу, выцягнутая з паўночнага захаду на паўночны ўсход. Схілы катлавіны вышынёй да 6 м, пераважна спадзістыя, паўночныя вышынёй да 12 м, стромкія, месцамі разараныя. Берагавая лінія ўтварае некалькі заліваў. Да ўсходняга берагу прымыкае маляўнічы лясны масіў. Берагі нізкія, пясчаныя, паўднёвыя і паўднёва-заходнія забалочаныя, паўночна-заходнія і паўночныя зліваюцца са схіламі катлавіны. Мелкаводдзе да глыбіні 2 м пясчанае і пясчана-жвіровае. Глыбакаводная частка ложа возера выслана гліністым ілам і крэменязёмістым сапрапелем. На возеры 8 астравоў агульнай плошчай 32,5 га, 2 з іх (Гарадзішча і Церанцейка) — помнікі прыроды. Плошча вострава Церанцейка складае 6,2 га[1].

Возера эўтрофнае, праточнае. Каля берагоў і астравоў зарастае аерам, хвашчом, трыснягом, чаротам, гарлачыкамі. Праз возера працякае рака Дрысвята, пры яе ўпадзенні пабудавана ГЭС. Упадае пратока з возера Альбенаўскага[2].

У возеры водзяцца шчупак, лешч, лінь, мянтуз, плотка, краснапёрка, акунь, карась і іншыя віды рыб. На ўсходнім беразе сажалкавая гаспадарка па развядзенню малявак сазана, карпа, белага амура, таўсталобіка.

Папулярнае месца адпачынку, рыбалкі і турызму. На сажалках каля вёскі Чарніцы адзначана гнездаванне рэдкай для Беларусі птушкі — паганкі малой.

Зноскі

  1. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 5. — С. 272. — 583 с. — 10 000 экз.
  2. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т.1 / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1983. — Т. 1. — 575 с. — 10 000 экз.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Азёры Браслаўскага раёна
Катэгорыя·Старонкі з нелікавымі аргументамі formatnum
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Богінскае возера
Катэгорыя·Азёры Віцебскай вобласці
Катэгорыя·Азёры паводле алфавіта