Лазурнае акно (мальт.: it-Tieqa Żerqa) — вапняковая прыродная скала, якая дасягала 28 метраў у вышыню і мела форму аркі. Уваходзіць у Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА з 1998 года па крытэрыях VII, VIII, IX і X. Размяшчалася на захадзе вострава Гоца (Мальта), у Міжземным моры, побач з унутраным морам Гоца і Блакітнай бухтай (англ.: Dwejra Bay). З’яўлялася месцам турызму і дайвінгу.
Пасля многіх гадоў натуральнай эрозіі, якая выклікала падзенне часткі аркі, арка і слуп абваліліся ў час шторму 8 сакавіка 2017 года, у 9:40 па мясцовым часе[1][2].
Арка сфарміравалася абразіяй і дажджавой эрозіяй цягам 500 гадоў[3]. Скала складаецца з жоўтага вапняку, вядомага як глабігерынавы. У сувязі з гэтым ад аркі адвальваліся кавалкі. Меркавалася, што яна разбурыцца цягам некалькіх гадоў пасля 2010 года.
У красавіку 2012 года адбыўся аблом вялізнага кавалка, з-за чаго арка стала няўстойлівай і змянілася форма акна. Раніцай 8 сакавіка 2017 года Блакітная арка канчаткова абвалілася. Аб падзеі абвясціў у Twitter прэм’ер-міністр Мальты Джозеф Мускат[4].
Блакітнае акно можна бачыць у фільмах «Бітва тытанаў» (1981) на 104 хвіліне і «Граф Монтэ-Крыста» (2002) на 13-й хвіліне. Яго таксама можна пабачыць у тэлесерыяле «Адысей» (1997), які зняў расійскі рэжысёр Андрэй Канчалоўскі і ў амерыканскім серыяле «Гульні тронаў» у жанры фэнтэзі. Здымкі апошняга прывялі да палемікі ў сувязі з пашкоджаннем экасістэмы[5].
Панарамны краявід, 30 жніўня 2012