wd wp Пошук:

Белазар

Белазар — гэта праграма машыннага перакладу тэкстаў з рускай мовы на беларускую, і зваротна, упершыню выдадзеная 1 лістапада 2002 года[1]. Аўтарам праграмы з’яўляецца Алег Азароўскі, з-за чаго яна і атрымала падобную назву. Белазар аўтаматызуе працэс перакладу ў зазначаных кірунках, даючы карыстальніку гатовы чарнавы варыянт перакладу, падказвае варыянты перакладу любога слова, падсвятляе неперакладзеныя словы і словы з магчымымі арфаграфічнымі памылкамі. Праграма прызначана для працы ў Windows XP SP3, 2003, Vista, 7. Белазар распаўсюджваецца бясплатна для некамерцыйнага выкарыстання, і не мае ніякіх абмежаванняў па часе выкарыстання і колькасці запускаў. У 2008 годзе налічваў 81 тыс. беларускіх і 149 тыс. рускіх артыкулаў, злучаных між сабой 97 тыс. перакладных сувязяў[2].

Магчымасці

Праграма дазваляе рабіць пераклады як з рускай мовы на беларускую — гэтак і наадварот. Пры гэтым пры даданні новага перакладу ў адзін слоўнік (напрыклад, руска-беларускі) — ён аўтаматычна дадаецца і ў іншы (беларуска-рускі).

Пры даданні новага слова ці словазлучэння ў слоўнік, праграма фармуе і захоўвае таксама ўсе яго формы. Напрыклад, для назоўніка могуць быць пабудаваны 12 словаформаў, а для дзеяслова (закончанае + незакончанае трыванне) — цэлых 30!

Белазар можа перакладаць слова адной мовы ў словазлучэнне іншай мовы і наадварот, а таксама словазлучэнне ў словазлучэнне! Словазлучэнне можа ўтрымоўваць не больш за 5 слоў.

Белазар не проста перакладае тэкст адзін-у-адзін. Ён можа зрабіць, пры неабходнасці, карэктоўкі ў перакладзе, каб дасягнуць большай узгодненасці слоў у сказе.

Белазар можна выкарыстоўваць для перакладу html-старонак, ini-файлаў праграм, перакладаў праграмных інтэрфейсаў — ён не псуе тэгі, не збівае радкі, захоўваючы нязменнай структуру зыходнага файла.

Паўсюль у праграме, дзе ёсць такая неабходнасць, рэалізавана аўтаматычнае пераключэнне раскладак клавіятуры з рускай мовы на беларускую і назад. Вам нават няма патрэбы ўсталёўваць гэтыя раскладкі ў сістэме — Белазар самастойна ініцыялізуе іх падчас загрузкі, і скіне падчас выхаду з праграмы!

У Белазары версіі 2.0 з’явіўся арфаграфічны аналізатар беларускага тэксту. Кантроль арфаграфіі грунтуецца на правілах напісання беларускіх слоў, і ўлічвае чашчыню з’яўлення тых ці іншых спалучэнняў літар у словах на беларускай мове.

Белазар ствараўся з тым разлікам, каб спрасціць і паскорыць усе аперацыі, якія ў ім можна выконваць: ад устаўкі новых слоў у слоўнікі — да атрымання гатовага перакладу. «Гарачыя кнопкі» і іншыя прыстасаванні дазваляюць не выкарыстоўваць мыш у большасці аперацый.

Убудаваны ў праграму арфаграфічны аналізатар тэксту дазваляе выявіць найболей распаўсюджаныя памылкі ў беларускай мове, а таксама словы з магчымымі памылкамі. Пачынальна з версіі 3.5 арфакантроль дапоўнены модулем чашчыннага аналізу літараспалучэнняў для беларускай і рускай моў, што прыкметна павялічыла якасць выяўлення магчымых памылак у тэкстах.

Белазар мае абмежаваную падтрымку беларускай лацінкі. Ёсць магчымасць імпартаваць тэкст, напісаны лацінкай, для рэдагавання ў праграме, а затым можна экспартаваць яго ў лацінку. Праграма падтрымлівае лацінку, захаваную ў кодавай старонцы СР1257 (Baltic), і ў фармаце HTML Unicode.

Гісторыя

Зноскі

  1. Павал Бадзялік «Белазар» — першы перакладчык на беларускую мову(нявызн.). Камп’ютарныя весці, №29 (22 ліпеня 2004). Праверана 30 верасня 2012.
  2. Мікола Тамашэвіч. БелАзар — з’ява народная // Чырвоная змена. — 15 мая 2009. — № 18 (15572). — С. 2.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Праграмнае забеспячэнне паводле алфавіта
Катэгорыя·Праграмнае забеспячэнне
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Артыкулы без выяў (меней 21 аб’екта тыпу)