wd wp Пошук:

Барыс Шчорс

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Шчорс. Барыс Шчорс (1916 (?) — 6 чэрвеня 1975) — беларускі грамадскі і ваенны дзеяч. Сябра БНП. Брат Мікалая і Ігара Шчорсаў.[1]

Біяграфія

Нарадзіўся ў 1916 г. у в. Новы Свержань Мінскага павету ў Расійскай імперыі (сёння — Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці) у сям’і Васіля і Сафіі Шчорсаў. Меў братоў — Мікалая і Ігара.

Скончыў гімназію ў Стаўбцах. У Другую сусветную вайну пасля савецкай акупацыі скончыў у 1940 г. настаўніцкі інстытут у Беластоку. Падчас нямецкай акупацыі быў начальнікам паліцыі ў Барысаве. Далучыўся да падпольнай Беларускай незалежніцкай партыі.

З восені 1944 г. усе Шчорсы разам з жонкамі апынуліся ў Берліне. Пасля вайны быў камендантам беларускага лагера ў Міхельсдорфе. У Міхельсдорфе памёр бацька Васіль Шчорс (жонка Сафія перажыла яго на 34 гады).

У 1948 г. выйшла пастанова амерыканскіх акупацыйных уладаў, што праца лагераў паступова павінна была згортвацца, а іх насельнікі паступова рыхтавацца да выезду ў іншыя краіны. Выехаў у ЗША, жыў у Саўт-Рыверы. Маці Сафія Шчорс арганізавала ў Саўт-Рыверы нефармальны беларускі дзіцячы сад. Барыс быў аднім з стаўпоў беларускага жыцця ў Саўт-Рыверы. У 1951 г. ён узначаліў Беларускае выдавецкае таварыства, узначальваў Беларускі нацыянальны фонд, уваходзіў у склад рэдакцыі саўт-рыверскага часопіса «Беларуская думка». Барыс Шчорс шмат спрычыніўся да арганізацыі харавой і мастацка-выяўленчай дзейнасці ў горадзе, ініцыяваў выдаўніцтва пласцінак хора «Каліна», які доўгія гады паспяхова дзейнічаў у Саўт-Рыверы. Быў прыхільнікам Беларускай Цэнтральнай Рады. У 1968-1972 гг. беларусы Саўт-Рывера пабудавалі асобную царкву, а Барыс Шчорс ініцыяваў узвядзенне каля яе асобнага будынку парафіі пад грамадскія патрэбы і арганізацыю грамадскіх святкаванняў. Такім чынам быў пабудаваны Беларускі грамадскі цэнтр з бібліятэкай і архівам, а таксама памяшканнямі пад парафіяльную школу, у якой ў 1960-я навучалася пад 40 малых беларусаў.

Памёр 6 чэрвеня 1975 г. у Саўт-Рыверы ў ЗША. З прычыны смерці Барыса Шчорса шэраг мерапрыемстваў у Саўт-Рыверы быў адменены, у тым ліку і чарговы Пленум Беларускай Цэнтральнай Рады.

Зноскі

  1. Сяргей Ёрш Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі(нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 25 ліпеня 2019.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Члены Беларускай цэнтральнай рады
Катэгорыя·Члены Беларускай дапаможнай паліцыі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Новым Свержані
Катэгорыя·Члены Беларускай незалежніцкай партыі
Катэгорыя·Памерлі ў 1975 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Саўт-Рыверы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй дат у картцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Катэгорыя·Памерлі 6 чэрвеня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1916 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Постаці беларускай эміграцыі
Катэгорыя·Беларусы ў ЗША
Катэгорыя·Асобы