Барыс Андрэевіч Калава́ндзін[1] (руск.: Борис Андреевич Коловандин; 21 студзеня 1938 — 7 чэрвеня 1998) — вучоны ў галіне гідрадынамікі і цеплафізікі, доктар тэхнічных навук (1984), прафесар (1986), акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994, член-карэспандэнт з 1989), член Нью-Ёркскай акадэміі навук[1] (1994).
Нарадзіўся ў Архангельску. У 1961 годзе скончыў фізіка-механічны факультэт Ленінградскага політэхнічнага інстытута. Працаваў у канструктарскім бюро на заводзе транспартнага машынабудавання ў Харкаве і вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце чорнай металургіі Дзяржплана Украінскай ССР у Данецку[2]. У 1966 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю і пачаў працу ў Інстытуце цепла- і масаабмену Акадэміі навук БССР. Да 1973 года займаў пасаду старэйшага навуковага супрацоўніка, потым — загадчыка лабараторыяй турбулентнасці[2].
Навуковая дзейнасць Б. А. Калавандзіна звязаная з распрацоўкай нетрадыцыйных метадаў навігацыі скарасных гідрадынамічных аб’ектаў і спосабаў зніжэння іх гідрадынамічнага супраціўлення, даследаваннем турбулентнасці і працэсаў пераносу ў вадкасцях. Займаўся вырашэннем прыкладных задач, стварэннем новай тэхнікі і тэхналогій. Адначасова з навуковай дзейнасцю выкладаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце і ў якасці запрошанага прафесара ва ўніверсітэтах Германіі, Італіі і іншых краін. Пад яго кіраўніцтвам абаронены 2 доктарскія і 10 кандыдацкіх дысертацый[2]. Кіраваў Дзяржаўнай праграмай фундаментальных даследаванняў «Механіка», уваходзіў у склад экспертных і навуковых саветаў, рэдакцыйных калегій часопісаў.
Аўтар больш за 200 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфій[2]. Сааўтар патэнта «Устройство для очистки сточных вод»[3].
Сярод апублікаваных прац: