У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Якушаў. Барыс Іванавіч Якушаў (2 лютага 1932, Мінск — 11 лістапада 2016) — беларускі вучоны ў галіне экалогіі і радыеэкалогіі раслін. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994). Доктар біялагічных навук (1980), прафесар (2002). Заслужаны дзеяч навукі Беларусі (2002).
Скончыў Белдзяржуніверсітэт (1956). З 1960 года — малодшы навуковы супрацоўнік БелНДІ глебазнаўства Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР. З 1961 года — старшы навуковы супрацоўнік Інстытута біялогіі АН БССР. З 1963 года — старшы навуковы супрацоўнік, з 1973 года — намеснік дырэктара па навуковай рабоце, з 1978 года — загадчык лабараторыі Інстытута эксперыментальнай батанікі ім. В. Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у 2013—2014 гадах — галоўны навуковы супрацоўнік гэтага інстытута.
Навуковыя працы па пытаннях рэакцыі раслінных арганізмаў на біятычныя і абіятычныя фактары навакольнага асяроддзя, узаемаадносінаў драўнянай і травяністай расліннасці ў фітацэнозах, заканамернасцям назапашвання радыенуклідаў у раслінных тканінах. Выканаў даследаванні па радыяэкалагічнай абстаноўцы ў раслінных супольнасцях, якія выпрабавалі ўздзеянне выкідаў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Пры гэтым устаноўлены асноўныя заканамернасці акумуляцыі расліннасцю радыянуклідаў у залежнасці ад экалагічных умоў. Распрацаваў прапановы па рацыянальнаму выкарыстанню натуральных раслінных рэсурсаў з улікам рознай ступені радыяактыўнага забруджвання тэрыторыі. Эксперыментальна ўстаноўлена і даследавана ўплыў прыродных радыянуклідаў (238U, 14С, 40К) на жыццядзейнасць раслін розных жыццёвых формаў у мадэльных досведах і біягеацэнозы.
Аўтар больш за 230 навуковых прац, у тым ліку 8 манаграфій, 4 вынаходстваў[1][2].