Базіліка Святога Мікалая (італ.: Basilica di San Nicola) — каталіцкая базіліка ў Бары (Італія). Пабудавана для захоўвання мошчаў святога Мікалая Мірлікійскага (Цудатворцы), перанесеных у 1087 годзе з Міры.
Тэрыторыя, абраная для будаўніцтва сабора, мела свецкае значэнне; цягам некалькіх гадоў тут знаходзіўся палац візантыйскага намесніка (катапана), пасля разбураны нарманамі; і было падорана архібіскупу Урсоне нарманскім камандуючым Робертам Гвіскарам, які ў 1059 годзе атрымаў тытул герцага Апуліі, Калабрыі і Сіцыліі ад Папы Мікалая II.
9 мая 1087 года ў Бары прыбылі мошчы Святога Мікалая, выкрадзеныя 62-мя барыйскімі маракамі з царквы ў Міры. Маракі высунулі шмат умоў, перш чым аддаць мошчы святога: адной з іх было будаўніцтва новага сабора для захоўвання мошчаў. Архібіскуп Урсон пагадзіўся і даў даручэнне бенедыкцінскаму абату Ільі пабудаваць культавае месца, дзе б захоўваліся мошчы святога, і якое прыцягвала б гандляроў і паломнікаў з Усходу і Захаду. Бары страціў статус візантыйскай сталіцы, але набыў новае важнае значэнне—стаў горадам Святога Мікалая.
Пасля смерці Урсона Ілля атрымаў згоду ад архібіскупа працягваць будаўніцтва сабора. Працы па будаўніцтве крыпты пачаліся 8 ліпеня 1087 года і скончыліся ў верасні 1089 года. Першага кастрычніка наступнага года Папа Урбан II змясціў мошчы пад алтар крыпты, дзе яны знаходзяцца да сёння, і прызначыў абата Ілью архібіскупам Бары. Абат Ілья памёр у 1105 г. і яго мошчы пахаваны у базіліцы, у саркафагу ўсходняга паходжання з выявамі чатырох філосафаў.
Працы па будаўніцтве самой базілікі працягнуліся няспешна пад кіраўніцтвам абата Яўстафія, наступніка Ільі. У 1106 годзе Папа Пасхалій II у царкоўным дакуменце запісаў, што царква амаль скончана, але ўнутраны разлад разбурэнне горада Вільгельмам Злым у 1156 годзе значна замарудзілі працы.
Царква асвечана толькі 22 чэрвеня 1197 года Конрадам, біскупам Гільдэсгайма і канцлерам імператара Генрыха VI, па даручэнні Папы Цэлестына III, пры 5 архібіскупах, 28 біскупах і 7 абатах.
Яшчэ да завяршэння будаўніцтва царква стала месцам буйных гістарычных падзей:
9 красавіка 1799 года базіліку разрабавалі французскія войскі.
Буйныя рэстаўрацыйныя працы былі праведзены ў 1928—1956 гадах. Падчас іх пад алтаром базылікі быў знойдзены саркафаг-рэлікварый з мошчамі Мікалая Цудатворцы (1951 год). Саркафаг зроблены ў форме невялікага каменнага асуара з адтулінай для збору алею. Цяпер саркафаг знаходзіцца ў крыпце царквы, адгароджаны ад публічнай прасторы высокай жалезнай рашоткай. Доступ да мошчаў дазваляецца толькі арганізаваным групам паломнікам (па папярэдняй дамоўленасці з мясцовым царкоўным кіраўніцтвам).
У 1951 годзе Папа Пій XII даручыў царкву ордэну дамініканцаў.
Базіліка з’яўляецца асноўным элементам Мікалаеўскай «цытадэлі», у комплекс уваходзяць:
царква Святога Грыгорыя, найстаражытнейшая царква горада, у якой дагэтуль праходзяць набажэнствы;
бібліятэка і архіў Базылікі, дзе захоўваюцца дакументы і пергаменты найважнейшага гістарычнага значэння;
даследчы цэнтр імя Святога Мікалая;
так званы «Порцік Паломнікаў» (цалкам згублены пасля рэстаўрацыйных прац у 1950-х гадах), на яго месцы цяпер знаходзіцца сярэдняя школа імя Святога Мікалая;
музей імя св. Мікалая, адкрыты 6 лютага 2010 г., дзе выстаўлены самыя каштоўныя артэфакты з архіва і скарбніцы сабора.
У будаўніцтве ўжывалі вапняковы камень, часткова ўзяты з іншых будынкаў. Галоўны фасад размешчаны паміж дзвюма вежамі: Вежа Катапана справа і Вайсковая Вежа злева адрозніваюцца вышынёй і фактурай. Фасад падзелены на тры часткі, раздзеленыя пілястрамі, і тры парталы адлюстроўваюць унутранае дзяленне базілікі на тры нефы. Галоўны, сярэдні партал багата аздоблены, яго вылучае характэрны сімвалізм: абраз Хрыста — пераможца паганства на архівольце партала, а таксама выявы сфінкса і быкоў, якія падтрымваюць калоны з боку партала.
Тыповая строгасць раманскага стылю разбаўленая ў фасадзе наяўнасцю манафорыяў, біфорыяў і цэнтральнага вакна — окула. У той жа час бакавыя сцены базілікі ўпрыгожаны шэрагам глыбокіх сляпых арак і лоджыямі з невялікімі аркавымі вокнамі (эзафорыямі). На паўночным баку заўважна вылучаецца вядомы «Партал з ільвамі».
Унутраная прастора Базілікі ўяўляе сабою лацінскі крыж, падзелены падоўжна на тры нефы шэрагам калон і апорных пілястраў. Над цэнтральным праходам змешчана раскошная столь з драўніны, багата аздобленная мастаком Карла Роза. Пад канец цэнтральнага нефа знаходзіцца галоўны алтар з шыкоўным старажытным апулійскім полагам XII ст. і апсіда, у цэнтры якой знаходзіцца трон абата Ільі з мармуру (канец XI — пачатак XII ст.). На мазаічнай падлозе вакол трона можна разглядзець арабскую вязь з надпісам «Алах». Ёсць думка, што гэта звязана з чорнарабочымі на вытворчасці мазаікі.
Ззаду біскупскага трона — маўзалей XVI ст. Боны Сфорца, герцагіні Бары і каралевы Польшчы. Паміж двума жаночымі напаўаголенымі фігурамі, што сімвалізуюць Бары і Польшчу, і дзвюма выявамі святых — Мікалая і Станіслава, знаходзяцца рэшткі каралевы, што спачатку знаходзіліся ў кафедральным саборы.
Ёсць і іншыя значныя творы мастацтва:
Ля бакавых нефаў — дзве шырокія лесвіцы да крыпты, дзе знаходзяцца мошчы святога Мікалая. Асаблівасці крыпты — праваслаўная капліца з іканастасам і два алтары: адзін прысвечаны каталіцкаму абраду, другі — праваслаўнаму (адзіны выпадак у каталіцкім свеце, што пацвярджае пакліканне Бары — збліжэнне дзвюх цэркваў). Базіліка цягам многіх стагоддзяў і цяпер з’яўляецца цэнтрам паломніцтва. Характэрныя элементы крыпты — капітэлі; усе розныя, а некаторыя нават «двухаблічныя». У паўднёвым куце знаходзіцца «цудадзейная» калона, зробленая з парфіру.