«А ў вас неграў лінчуюць» — крылатая фраза, якая выкарыстоўваецца ва ўсходнееўрапейскіх краінах для абазначэння выкарыстання, як правіла, у палітыцы, рытарычнага прыёму, вядомага як tu quoque («сам такі»). У літаральным сэнсе гэта фраза, якая з’яўляецца адным з прыкладаў дэгуманізацыі ворага[1], прыводзіць у якасці аргументу выпадкі лінчавання неграў у ЗША у доказ таго, што разавыя ўспышкі расізму на тэрыторыі палітычнага праціўніка горшыя, чым усе і любыя недахопы, якія ставяцца ў віну сацыялістычнаму ладу[2][3] (усяго ў Злучаных Штатах у перыяд з 1882 па 1968 год лінчаванню падвергліся прыкладна 3500 чарнаскурых[4]). У агульным сэнсе фраза абазначае сітуацыю, калі нехта ў адказ на крытычныя заўвагі ў свой адрас паказвае на значна больш сур’ёзныя, па яго меркаванні, недахопы таго, хто крытыкуе, замест таго, каб адказваць непасрэдна на саму крытыку.
Выкарыстанне гэтай фразы ўзыходзіць да савецкага анекдота хрушчоўскіх часоў пра гутарку паміж амерыканцам і рускім. Ёсць некалькі версій гэтага анекдота, і ўсе яны тычацца актаў гвалту супраць неграў, пра якія паведамлялі СМІ ў часы Руху за цывільныя правы 1955—1968 гадоў. У адной з версій:
«Голас Амерыкі» пытаецца ў армянскага радыё: «А праўда, што зарплата савецкага інжынера 120 рублёў?», на што армянскае радыё пасля трохдзённай паўзы адказвае: «А ў вас неграў лінчуюць»[5].