У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Вярбіцкі. Аўген Вярбіцкі, пс. Дунін (4 студзеня 1922, м. Краснае Маладзечанскага павета — 29 чэрвеня 1986, Філадэльфія, Пенсільванія) — амерыканскі біяхімік, беларускі грамадскі дзеяч у ЗША, адзін з найвыдатнейшых прадстаўнікоў беларускай эміграцыі.
Пад час Другой сусветнай вайны навучаўся ў Адміністрацыйна-гандлёвым інстытуце ў Маладзечне пад кіраўніцтвам Барыса Кіта.
У пасляваеннай Германіі вучыўся ва ўніверсітэце УНРРА ў Мюнхене на факультэце агракультуры. Член Беларускага студэнцкага згуртавання і Студэнцкага стыпендыяльнага фонду.
У ЗША прыбыў у 1949 г. Скончыў біялагічны факультэт Ратгерскага ўніверсітэта ў горадзе Нью-Брансвіку, атрымаўшы ступень доктара навук. Ягоным прафесарам быў вельмі вядомы амерыканскі навуковец, Нобелеўскі лаўрэат прафесар Зельман Ваксман. Пераехаў у штат Аёва і пачаў спецыялізавацца ў хіміі мясной вытворчасці. У складзе навуковай групы займаўся тэмай уздзеяння кастрацыі быкоў на колькасць вітамінаў у мясе[1].
Пазней атрымаў пасаду галоўнага навукоўца ў ваеннай лабараторыі даследаванняў ежы Масачусетс. Дасягнуў вялікіх поспехаў у галіне кансервавання харчоў (шляхам апрамянення гама-выпраменьваннем), стваральнік «касмічнае ежы», якая выкарыстоўвалася ў касмічных палётах амерыканскіх астранаўтаў. За гэта атрымаў з рук прэзідэнта ЗША кавалачак Месяца[2]. За свае адкрыцці быў абраны Амерыканскім хімічным таварыствам чалавекам года. Загадчык Лабараторыі даследавання мясных прадуктаў у амерыканскім войску. Меў пятнаццатую дзяржаўную ступень (самая вышэйшая, прэзідэнцкая, — васямнаццатая)[1].
Член Нью-Ёркскай Акадэміі навук, Амерыканскага хімічнага таварыства, Амерыканскага інстытута тэхналогіі ежы, Амерыканскага таварыства мясной прамысловасці, ганаровы член Таварыства прагрэсу навукі. Першы навуковец беларускага паходжання, які трапіў у даведнік «American Men of Science» — «Амерыканскія дзеячы навукі».
У 1954—1957 гг. быў заступнікам старшыні Галоўнай управы БАЗА. Старшыня Беларускага Стыпендыяльнага Фонду на Амерыку. Член БІНіМа. Прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці Беларускіх Амерыканскіх Рэспубліканскіх Клубаў. Чытаў лекцыі па гісторыі Беларусі. Аўтар артыкулаў «Пра паходжанне беларусаў», «Пра назва Беларусь», «Пра стан Беларусі» ў некаторых амерыканскіх англамоўных часопісах. Друкаваўся ў беларускіх эмігранцкіх часопісах пад псеўданімам Дунін.
Меў жонку-немку, з якой ажаніўся яшчэ ў Германіі, і двое дзяцей — сына і дачку. У 1960 годзе ў складзе амерыканскай дэлегацыі наведаў СССР з мэтай вывучэння развіцця мясной індустрыі. Быў ва Узбекістане, Туркменістане, але савецкія ўлады не далі дазвол яму наведаць Беларусь — прывезлі яго сваякоў на сустрэчу ў Маскву.