Астравы Кука (па-маарыйску: Kūki ‘Āirani, англ.: Cook Islands) — свабодна асацыяваная з Новай Зеландыяй дзяржава ў паўднёвай частцы Ціхага акіяна ў Палінезіі, знаходзіцца на астравах архіпелагу з такой жа назвай. Сталіца — горад Аваруа.
Астравы былі адкрытыя ў 1595 годзе іспанскім вандроўнікам Альвара Менданья дэ Нейра. Наступным еўрапейцам, які высадзіўся на астравах у 1773 годзе, быў Джэймс Кук, які назваў іх Hervey Islands. У 1824 годзе ўпершыню была выкарыстана назва «астравы Кука» на карце Ёгана фон Крузенштэрна.
З 1888 года астравы былі пад брытанскім пратэктаратам пад назвай «Cook Islands Federation». У 1901 годзе астравы былі перададзеныя Новай Зеландыі, а ў 1903 годзе з іх была вылучана Ніуэ як асобная тэрыторыя. З 1965 года астравы маюць унутраную аўтаномію.
З пачатку 20 стагоддзя на чатыры астравы ў паўночнай частцы астравоў Кука (Маніхікі, Пенрхайн, Пукапука і Ракаханга) прэтэндавалі Злучаныя Штаты Амерыкі. У 1980 годзе была падпісаная дамова паміж ЗША і Новай Зеландыяй, згодна з якой ЗША адмаўляліся ад астравоў.
Астравы Кука з’яўляюцца парламенцкай манархіяй, якая знаходзіцца ў вольнай асацыяцыі з Новай Зеландыяй. Кіраўніком краіны з’яўляецца каралева Елізавета II, ад імя якой кіруе прадстаўнік каралевы Фрэдэрык Гудвін. Заканадаўчая ўлада належыць парламенту, які складаецца з 24 дэпутатаў, што выбіраюцца на 5 гадовы тэрмін на ўсеагульных выбарах.
Урад астравоў мае поўную ўладу над унутранымі справамі і частковую над знешнімі. Новая Зеландыя адказвае за абарону астравоў Кука і часткова за знешнюю палітыку (павінна кансультавацца з урадам астравоў Кука). Астравы Кука маюць права да налады дыпламатычных стасункаў з іншымі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі (яны з’яўляюцца ўдзельнікамі ЮНЕСКА і іншых рэгіянальных арганізацый, але не ўваходзяць у ААН і маюць дыпламатычныя стасункі з 18 краінамі).
У склад астравоў Кука ўваходзяць 15 атолаў і астравоў, якія дзеляцца на дзве групы:
Плошча астравоў складае 236,7 км², а плошча эканамічных інтарэсаў астравоў складае 1 800 000 км². Насельніцтва налічвае каля 19 тыс. чалавек.
Клімат трапічны, сезон дажджоў цягнецца з лістапада да красавіка, сухі сезон з мая да кастрычніка. Сярэднегадавая колькасць ападкаў складае каля 2000 мм, з якіх 2/3 выпадае ў перыяд дажджоў. Астравы знаходзяцца ў зоне ўздзеяння Эль Нінья.
Эканоміка астравоў няразвітая. Асноўнымі галінамі эканомікі з’яўляюцца: сельская гаспадарка, турызм і фінансавы сектар. Сфера абслугоўвання — самы хуткаразвіваючыся сектар эканомікі. Турызм з’яўляецца асноўнай крыніцай атрымання іншаземнай валюты. Астравы Кука залежаць ад міжнароднай дапамогі, Новая Зеландыя з’яўляецца асноўным донарам.
З 6600 чалавек працаздольнага насельніцтва 52 % працаўладкаваныя ў сферы паслугаў, 29 % у сельскай гаспадарцы і 15 % у прамысловасці.
Насельніцтва выспаў складаецца з палінезійцаў, якія належаць да некалькіх этнічных групаў. Яны карыстаюцца некалькімі палінезійскімі мовамі і дыялектамі. У апошнія дзесяцігоддзі назіраецца паступовае аб’яднанне асобных групаў у адну нацыю маары астравоў Кука.
Па веравызнанні насельніцтва астравоў Кука дзеліцца наступным чынам: пратэстанты — 85 %, каталікі — 12 %, іншыя — 3 %.