Артур Валь (англ.: Arthur C. Wahl; 8 верасня 1917 — 6 сакавіка 2006) — амерыканскі хімік. Разам з Эміліа Сегрэ і Джозефам Кенэдзі быў членам каманды Глена Сібарга, якая ў 1941 годзе адкрыла плутоній-239[1].
Валь нарадзіўся 8 верасня 1917 года ў Дэ-Мойне (штат Аёва). У 1939 годзе атрымаў ступень бакалаўра ва Універсітэце Штата Аёва. Для атрымання ступені магістра адправіўся ў Каліфарнійскі ўніверсітэт у Берклі. Там у складзе групы Сібарга працаваў над сінтэзам плутонію.
14 снежня 1940 года была здзейснена першая бамбардзіроўка октааксіду трыўрану-238 (238U3O8) дэйтронамі, якія былі разагнаны ў цыклатроне да 14—22 МэВ і праходзілі праз алюмініевую фольгу таўшчынёй 0,002 цаляў. 24 лютага 1941 года быў праведзены завяршальны эксперымент, падчас якога было эксперыментальна даказана існаванне новага хімічнага элемента — плутонію. У тым жа годзе група сінтэзавала найважнейшы ізатоп — плутоній-239 пасродкам апрамяненьвання ўрану моцна паскоранымі ў цыклатроне нейтронамі[2].
У 1942 годзе атрымаў ступень PhD. У перыяд з 1943 па 1946 год працаваў у Лос-Аламаскай нацыянальнай лабараторыі. Яго даследаванні ў вобласці хіміі плутонію выкарыстоўваліся ў праграме «Праект Манхэтэн».
Пасля вайны па запрашэнні Джозефа Кенэдзі перабраўся ва Універсітэт Вашынгтона ў Сент-Луісе, дзе каля 40 гадоў выкладаў неарганічную хімію.
У 1991 годзе вярнуўся ў Лос-Аламас. Сваю апошнюю працу апублікаваў у 2005 годзе.
Пакутаваў ад хваробы Паркінсана. Памёр 6 сакавіка 2006 года ад пнеўманіі.