У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Вамберы.
А́рмін Ва́мберы, сапраўднае імя Ге́рман Ба́мбергер (венг.: Vámbéry Ármin, ням.: Hermann Bamberger; 19 сакавіка 1832, Сердагелі, Венгрыя, цяпер г. Дунайска-Стрэда, Славакія — 15 верасня 1913, Будапешт) — венгерскі мовазнавец-цюрколаг, этнограф, даследчык Цэнтральнай Азіі.
У 1857—1863 гг. у Канстанцінопалі (Стамбул). У 1863—1864 гг. пад выглядам дэрвіша зрабіў падарожжа з Персіі (Ірана) у Хіву, Бухару, Самарканд і Герат (Афганістан). З 1865 года прафесар усходніх моў Будапешцкага ўніверсітэта.
Апісанне падарожжа — важная крыніца звестак па геаграфіі, эканоміцы, гісторыі, грамадскіх адносінах, побыце і культуры народаў Сярэдняй Азіі другой палове XIX ст. Вамберы пакінуў навуковыя працы па чагатайскай, уйгурскай, цюркска-татарскіх, угра-фінскіх і іншых мовах.
Рэлігіязнавец Джон Гордан Мелтан адзначае, што Вамберы быў добра знаёмы з Брэмам Стокерам, кансультаваў яго па гісторыі і этнаграфіі Трансільваніі, і верагодна стаў правобразам прафесара Абрахама Ван Хельсінга ў яго знакамітым рамане «Дракула» (1897)[6].