У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Русецкі. Аркадзь Уладзіміравіч Русецкі (1 лістапада 1942, вёска Гіравічы, Радашковіцкі раён, Маладзечанская вобласць, цяпер Валожынскі раён Мінская вобласць — 10 студзеня 2021, Віцебск) — беларускі партыйны і дзяржаўны дзеяч, вучоны. Доктар гістарычных навук, прафесар, кандыдат філасофскіх навук, акадэмік Беларускай акадэміі адукацыі. Рэктар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1997—2009). Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь другога склікання (2000—2004).
У 1969 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Філасофія». Быў першым сакратаром Віцебскага абкама ЛКСМ Беларусі, другім сакратаром Віцебскага гаркама Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ), загадчыкам ідэалагічнага аддзела цэнтральнага камітэта КПБ. З лістапада 1990 года працаваў сакратаром ЦК КПБ[1].
Пасля набыцця Рэспублікай Беларусь незалежнасці кіраваў Віцебскім філіялам Міжнароднага інстытута менеджменту. Працаваў намеснікам дырэктара Віцебскага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. Пазней — намеснікам, першым намеснікам старшыні Віцебскага гарвыканкама.
У 2000—2004 гадах быў членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь другога склікання (2000—2004), уваходзіў у склад Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па сацыяльных пытаннях.
Паводле рапарту польскага Фонду Свабода і Дэмакратыя і паводле беларускага Камітэта «Салідарнасць», А. В. Русецкі, рэктар універсітэта, выключыў двух студэнтаў за іх палітычную дзейнасць[2][3].