wd wp Пошук:

Антоні Казімір Сапега

Антоні Казімір Сапега (1689 — 16 мая 1739) — рэчыпаспалітаўскі дзяржаўны дзеяч, вялікі стольнік літоўскі (1706—1709), староста мерацкі і пунскі (1710), кашталян троцкі (1737—1739). Пасол на соймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ.

Біяграфія

З чарэйска-ружанскай лініі Сапегаў, сын ваяводы троцкага і мсціслаўскага Ежы Станіслава Сапегі (каля 1668—1732) і Ізабелы Гелены з Палубінскіх (пам. 1721). Унук вялікага гетмана літоўскага і ваяводы віленскага Казіміра Яна Сапегі (1637—1720).

У 1705—1709 гадах вучыўся ў Парыжы. У 1706 годзе Антоні Казімір перайшоўшы на бок караля Станіслава Ляшчынскага, атрымаў урад вялікага стольніка літоўскага. У 1709 годзе, пасля вяртання ў Рэч Паспалітую караля Аўгуста Моцнага і выгнання караля Станіслава Ляшчынскага, пазбаўлены вялікага стольніцтва літоўскага. З 1709 года знаходзіўся ў Прусіі разам са сваім дзедам, вялікім гетманам літоўскім Казімірам Янам Сапегам, быў у апазіцыі да караля Аўгуста Моцнага.

Пасля прысягі каралю Аўгусту Моцнаму 24.03.1713 года Антоні Казімір Сапега атрымаў амністыю і вярнуся ў Вялікае княства Літоўскае. Быў дэпутатам Трыбунала ВКЛ і сеймікаў. У 1716 годзе актыўна браў удзел у Віленскай канфедэрацыі, падпісаў акт канфедэрацыі як камісар ад Троцкага ваяводства. У 1723 годзе займаўся прыцягненнем піяраў у Вільню, каб пахіснуць манаполію езуітаў у адукацыі.

У 1726 годзе Антоні Казімір разам са стрыечным братам Янам Казімірам ездзіў у Санкт-Пецярбург на заручыны яго сына Пятра Паўла Сапегі з Марыяй Аляксандраўнай Меншыкавай і ўстанаўлення кантактаў з расійскай элітай. У тым жа годзе ўзнагароджаны расійскім ордэнам Святога Аляксандра Неўскага.

Абіраўся дэпутатам Трыбунала ВКЛ ў 1714, 1719 і 1724 гадах. У 1724 годзе абраны маршалкам Трыбунала ВКЛ. У 1729 годзе абраны паслом на сейм, дзе займаў антыкаралеўскую пазіцыю. Актыўна дзейнічаў на сеймах 1730 і 1732 гадоў, каб сарваць іх працу.

У 1733 годзе быў адным з кандыдатаў на маршалка канвакацыйнага сейма. У тым жа 1733 годзе абраны паслом ад Слонімскага павета на элекцыйны сейм. Разам з большасцю сваякоў падтрымаў абранне Станіслава Ляшчынскага на стальцы Рэчы Паспалітай. Захоўваў вернасць С. Ляшчынскаму да яго зрачэння ў 1736 годзе. У чэрвені 1734 года арыштаваны ў расійскім лагеры ў Прушчы-Гданьскім за адмову прынесці прысягу каралю Аўгусту III Саксонскаму. Быў адным з аўтарам ліста да Папы Рымскага Клімента XII, дзе пералічваліся ўсе беззаконні прасаксонскай партыі.

У ліпені 1737 годзе атрымаў урад кашталяна троцкага, але па-ранейшым падтрымліваў сувязь са Станіславам Ляшчынскім і абвінавачваўся ў антыкаралеўскіх інтрыгах. У 1738 годзе актыўна браў удзел у працы камісіі па павелічэнні колькасці вялікалітоўскага войска, беспаспяхова імкнуўся абкласці падаткам на войска радзівілаўскія «Нойбургскія маёнткі».

Памёр у Дзярэчыне 16 мая 1739, пахаваны ў касцёле дзярэчынскага кляштара дамініканцаў (цяпер не існуе).

Захаваліся фрагменты дзённіка Антонія Казіміра Сапегі за 1728—1733 гады.

З 1717 года быў жанаты з Тэрэзай Выгоўскай (1694—1739), нашчадкаў не меў.

Зноскі

  1. Antoni Kazimierz Sapieha // Internetowy Polski Słownik Biograficzny

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (20):
Катэгорыя·Дэпутаты Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага
Катэгорыя·Памерлі 16 мая
Катэгорыя·Памерлі ў Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1689 годзе
Катэгорыя·Старосты пунскія
Катэгорыя·Старосты мерацкія
Катэгорыя·Сапегі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Маршалкі Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага
Катэгорыя·Сапегі
Катэгорыя·Стольнікі вялікія літоўскія
Катэгорыя·Памерлі ў 1739 годзе
Катэгорыя·Кашталяны троцкія
Катэгорыя·Дэпутаты Сойма Рэчы Паспалітай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Пахаваныя ў Дзярэчыне
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных