У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Грушэцкі.
Антоні Грушэцкі (польск.: Antoni Gruszecki), поўнае імя Антон Ігнат Юзаф Грушэцкі (1734, Пачаеў, цяпер Цярнопальская вобласць Украіны — 1798, Супрасль; Псеўданім: А. Дамброўскі) — вядомы беларускі і польскі базыліянскі жывапісец 2-й паловы ХVIII ст. Прафесар жывапісу Кракаўскай акадэміі[3]. Аздабляў палац Мюнхгаўзена на Гарадніцы ў Гродне. Пісаў абразы для каралеўскай галерэі на заказ караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Аздабляў у Гродне фарны і бернардзінскі касцёлы.
Паходзіў з польскага шляхецкага роду Грушэцкіх. Навучаўся мастацтву ў К. Радзілоўскага i Cтаніслава Страінскага ў Львове. Далучыўся да Базыліянскай царквы ў 1751 годзе. Працаваў для Валерыя Ржэвускага ў Падгорцах (цяпер Бродаўскі раён Украіны). Пісаў партрэты і абразы рэлігійных дзеячаў і мясцовых касцёлаў. У 1760 годзе асеў у Кракаве. Працаваў пад выдуманым прозвішчам Дамброўскі, пісаў партрэты і карціны на рэлігійную і міфалагічную тэматыку. У 1760-я гады працаваў прафесарам жывапісу Кракаўскай акадэміі. У 1771—1774 гадах стаў манахам-базыліянінам у Супраслі, дзе пісаў для Супральскай лаўры. Двойчы адбываў навіцыят у Супраслі, у 1778 годзе прэтэндаваў на пасаду настаяцеля гэтага манастыра. На яго творчасць звярнуў увагу кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, падчас свайго візіту ў Супрасль у 1774 годзе. Падараваў некалькі сваіх абразоў і карцін каралю, якія той «міла і ўдзячна прыняў» асабіста для сваёй калекцыі. З каралеўскага запрашэння трапіў на каралеўскую службу ў Гродна. У Гродна пісаў у асноўным карціны на свецкую тэматыку на французскі манер, аздабляў палац Тызенгаўза на Гарадніцы і каралеўскі Новы замак. У 1792 годзе праз хваробу пакінуў Гродна і правёў свой астатні час у Супраслі, дзе працягнуў пісаць абразы. Памер у Супрасльскім манастыры ў 1798 годзе. Яго працы захоўваюцца ў каралеўскай галерэі Варшаўскага замка.
Аздабляў палац гродзенскага старосты і надворнага падскарбія літоўскага Антонія Тызенгаўза, сябрам якога быў[4], у Гродне на плошчы ў Гарадніцы, дзе працаваў як мастак і дэкаратар[5]. Пісаў абразы для каралеўскай галерэі, супрацоўнічаў з друкарняй Супрасльскага базыльянскага манастыра ў 2-й палове ХVIII ст., ужо прафесарам жывапісу. Ствараў алтарныя карціны. Яго працы захоўваюцца ў Музеі праваслаўнага манастырскага комплексу ў Супраслі.
У 1788 годзе мастакі А. Грушэцкі і Ф. Міхалкевіч дапоўнілі аздобу інтэр’ера Гродзенскага касцёла Адшукання Св. Крыжа манументальным жывапісам: плафоны з фрэскавым роспісам, выявы 12 апосталаў (на паўднёвай сцяне) і 12 дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай (на паўночнай сцяне) у аркатурных фрызах цэнтральнага нефу. Працы Грушэцкага належаць фрэскавыя выявы Узнясення Дзевы Марыі над аркай празбітэрыя (алтарная частка), а таксама арнаменты на скляпеннях алтара, хорах, аркадах між нефамі касцёла. Разам са сваім памочнікам Міхалкевічам абнавілі герб данатараў і фігуры бернардзінскіх святых у «сляпых» аркадах. Праўда большая частка работ Грушэцкага і Міхалкевіча трапіла пад савецкую рэстаўрацыю і станам на 2022 год яны не ў першапачатковым выглядзе.
У Гродзенскім Фарным касцёле з яго прац — абраз «Маці Божай Шкаплернай», перад Ёю на каленях святы Сымон Сток, у авале над Маці Божай святы Юда Тадэвуш. Таксама ў 1780-я гады зрабіў жывапіснае афармленне інтэр’ера касцёла, што ўключала роспісы скляпенняў і арак у тэхніцы грызайль .
У 2005 годзе на выставе «Супрасль — 500 гадоў гісторыі манастыра» сярод найбольш каштоўных помнікаў быў выстаўлены абраз аўтарства Грушэцкага.