У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Абрамава. Антаніна Іванаўна Абрамава (1 сакавіка 1926, с. Канскае, Прыморскі край) — беларускі мастак у галіне прыкладнога мастацтва (мастацкае шкло).
У 1953 годзе скончыла Ленінградскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя Мухінай. Вучылася ў А. Дайнекі, У. Фаворскага[1]. Дыпломная праца — вітраж для будынка вакзала ў Валгаградзе[2].
З 1959 на Барысаўскім хрустальным заводзе імя Дзяржынскага (з 1960 галоўны мастак, з 1969 старшы мастак)[1].
Карыстаецца пераважна халоднымі тэхнікамі дэкарыравання шкла — алмазнай і аптычнай гранямі, пескаструменнай апрацоўкай, траўленнем[3]. Распрацавала новую грань, што дазволіла з большай дакладнасцю перадаваць выяўленчыя кампазіцыі ў таўстасценных дэкаратыўных вазах і стравах («Беларуская сюіта»). Першая ўжыла метад штампа ў масавых шкляных вырабах[1].
Як мастак, звязаны з вытворчасцю, стварала ўзоры бытавога посуду. Вялікімі тыражамі завод імя Ф. Э Дзяржынскага выпускаў яе камплекты — «Гарох», «Качаняты», «Матавая стужка», наборы куфляў, прыборы для варэння і дэсерту. Мастачка звяртаецца і да дэкаратыўных рэчаў. Цікавыя яе працы ў каляровым хрусталі і шкле, якія часта экспанаваліся на рэспубліканскіх, усесаюзных і замежных выстаўках[2].
Сярод работ дэкаратыўныя вазы «Брэсцкая крэпасць-герой», «Тапаз», «Праца», «Памяць Перамогі», «Юбілейны салют»[4].
А. Абрамава брала ўдзел у выстаўках з 1955 года[1].
Узнагароджана двума сярэбранымі медалямі ВДНГ СССР[1], Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР[2].