Андрэ Мішэль Львоф (фр.: André Michel Lwoff; 8 мая 1902 — 30 верасня 1994) — французскі генетык і мікрабіёлаг. Член Французскай АН (1977), Нацыянальнай АН ЗША, Лонданскага каралеўскага таварыства. Прэзідэнт міжнароднай асацыяцыі мікрабіялагічных таварыстваў (1962-70)
Скончыў Парыжскі ўніверсітэт у 1921 годзе. З 1921 года ў Пастэраўскім інстытуце ў Парыжы, з 1959 года прафесар Парыжскага ўніверсітэта, з 1969 года дырэктар Нацыянальнага інстытута даследванняў раку. Навуковыя працы па роставых фактарах мікробаў, фізіялогіі вірусаў, індукцыі і рэпрэсіі ферментаў. Даказаў (разам з А.Гутман) спадчынную прыроду лізагеніі, адкрыў здольнасць ультрафіялетавых прамянёў індуцыраваць развіццё прафага; зрабіў уклад у вучэнне аб латэнтных вірусных інфекцыях. Яго даследванні пакладзены ў аснову тэорыі рэгулявання сінтэзу бялку. Нобелеўская прэмія па фізіялогіі і медыцыне (1965) (разам з Ф.Жакобам і Ж.Мано).