У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бурак.
Андрэй Мацвеевіч Бурак (1911, в. Асвеіца, Дрысенскі павет, Віцебская губерня, цяпер Верхнядзвінскі раён — 7 кастрычніка 1943, Кагарлыцкі раён, Кіеўская вобласць) — сяржант Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1943)[1].
Андрэй Бурак нарадзіўся ў рабочай сям’і. Атрымаў няпоўную сярэднюю адукацыю. З 1938 года пражываў разам з сям’ёй у Ніжнім Тагіле Свярдлоўскай вобласці, працаваў спачатку на заводзе імя Куйбышава, затым ва Уральскім леспрамгасе. 14 чэрвеня 1941 года быў прызваны на службу ў Рабоча-сялянскую Чырвоную Армію Ніжнетагільскім раённым ваенным камісарыятам Свярдлоўскай вобласці. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны — на яе франтах. Да верасня 1943 года гвардыі чырвонаармеец Андрэй Бурак быў наводчыкам кулямёта 3-га батальёна 198-га гвардзейскага стралковага палка 68-й гвардзейскай стралковай дывізіі 40-й арміі Варонежскага фронту. Вызначыўся падчас бітвы за Дняпро[1][2].
24 верасня 1943 полк Бурака падышоў да Дняпра ў раёне пасёлка Ржышчаў Кагарлыцкага раёна Кіеўскай вобласці Украінскай ССР[1]. Камандаванне прыняло рашэнне паслаць групу байцоў для заняткі плацдарму на яго заходнім беразе. Ноччу гэтая група фарсіравала Дняпро, але трапіла пад шквальны агонь праўзыходных сіл праціўніка. Тады камандаванне паслала новую групу на дапамогу той, што змагалася на плацдарме. У гэту групу ўвайшоў і Бурак. Нягледзячы на масіраваны варожы агонь, група пераправілася і замацавалася на плацдарме. Нямецкія войскі распачалі тры спробы контратакаваць, але ўсе яны праваліліся. Бурак знаходзіўся ў самым цэнтры плацдарма. Агнём свайго кулямёта ён знішчыў каля 100 варожых салдат і афіцэраў, а таксама падбіў танк. 7 кастрычніка 1943 года ён загінуў у баі. Пахаваны на ўсходняй ускраіне вёскі Балыка-Шчучынка таго ж раёна[1][2].
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 13 лістапада 1943 года за «ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм» гвардыі чырвонаармеец Андрэй Бурак пасмяротна быў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. Быў таксама ўзнагароджаны ордэнам Леніна[2].