У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Гайдукоў. Андрэй Гайдукоў (нар. 21 кастрычніка 1989, Бабруйск) — лідар незарэгістраванага грамадскага аб’яднання «Саюз маладых інтэлектуалаў», актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, палітычны вязень Беларусі.
Працаваў аператарам на нафтаперапрацоўчым аб’яднанні «Нафтан» і завочна вучыўся ў Полацкім універсітэце. Разам з аднадумцамі спрабаваў зарэгістраваць міжнародную арганізацыю «Саюз маладых інтэлектуалаў», якая дэкларавала ў сваім Статуце прасоўванне наватарскіх ідэй у розных сферах і нават магчымае стварэнне ўласнай палітычнай партыі. Актывіст аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя.
Затрыманы 8 лістапада 2012 г. ў Віцебску. Паводле афіцыйнай інфармацыі — падчас закладкі схованкі са звесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спецслужбы. 13 лістапада 2012 г. КДБ была распаўсюджаная інфармацыя аб спыненні супрацьпраўнай дзейнасці грамадзяніна РБ, які займаўся па заданні замежнай выведкі зборам і перадачай інфармацыі палітычнага і эканамічнага характару.[1]
А. Гайдукоў у лісце з СІЗА КДБ паведамляў, што абвінавачваецца ў тым, што «мог пагражаць нацыянальнай бяспецы, што характарызуецца як замах на канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь; навязванне Рэспубліцы Беларусь палітычнага курсу, які не адпавядае яе нацыянальным інтарэсам. Характар магчымай шкоды можа выражацца ў дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнай сітуацыі. У тым, што шукаў фінансаванне на сваю дзейнасць у фондзе пасольства ЗША (ЦРУ ЗША — паводле версіі КДБ)».[2]
На працягу амаль 9 месяцаў А. Гайдукова ўтрымлівалі ў Мінскім і Віцебскім СІЗА КДБ.
Падчас зняволення А. Гайдукова ў Полацку, Наваполацку і Віцебску праходзілі несанкцыянаваныя ўладамі акцыі салідарнасці з ім, якія праводзілі грамадскія актывісты.[3]
Напачатку А. Гайдукова абвінавачвалі па двух артыкулах: ч. 1 арт. 14 КК РБ (замах на злачынства) і ч. 1 арт. 356 КК РБ (здрада дзяржаве). Аднак 19 чэрвеня 2013 г. старшыня КДБ Беларусі Валерый Вакульчык заявіў журналістам, што А. Гайдукова могуць асудзіць паводле іншага артыкулу.
Судовыя слуханні па справе А.Гайдукова праходзілі з 12 чэрвеня 2013 г. у Віцебскім абласным судзе ў закрытым рэжыме, не гледзячы на патрабаванні праваабаронцаў зрабіць суд адкрытым . Падчас суда артыкул абвінавачвання быў перакваліфікаваны.
1 ліпеня 2013 г. Віцебскі абласны суд, суддзя Галіна Урбановіч, прызнаў А. Гайдукова вінаватым у замаху на злачынства (ч. 1 арт. 14 КК РБ) і па арт. 356.1 ККРБ (усталяванне супрацоўніцтва са спецыяльнай службай, органам бяспекі або разведвальным органам замежнай дзяржавы) і прысудзіў да 1,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.[4]
Гэты артыкул быў уведзены ў КК РБ 8 лістапада 2011г**.** У 2016 г. артыкул быў выключаны з КК РБ. А. Гайдукоў быў адзіным за ўсю гісторыю, хто быў асуджаны ў Беларусі па гэтым артыкуле КК РБ.[5]
Беларускі Хельсінкскі камітэт і Праваабарончы цэнтр «Вясна», выступілі з сумеснай заявай, дзе гаворыцца, што асуджэнне А. Гайдукова з’яўляецца неабгрунтаваным і палітычна матываваным. Праваабаронцы запатрабавалі неадкладна вызваліць А. Гайдукова, адмяніць незаконна вынесены прысуд і перагледзець яго пры выкананні права на справядлівая судовае разбіральніцтва.[6]
З З верасня 2013 г. адбываў тэрмін пакарання ў папраўчай калоніі № 19 г. Магілёва. 6 красавіка 2014 г. быў пераведзены з калоніі ў Магілёве ў калонію «Віцьба-3» Віцебскага раёна.
8 мая 2014 г. выйшаў на волю.
21 лістапада 2014 г. А. Гайдукоў раздаваў у Наваполацку лістоўкі пра беларускіх палітвязняў. Быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі за распаўсюджванне лістовак без выдавецкіх звестак.
24 лістапада 2014 г. актывіст зноў быў затрыманы ў Полацку за распаўсюджванне лістовак. У РАУС была выдадзена позва ў суд на 27 лістапада 2014 г.
25 лістапада 2014 г. А.Гайдукова забралі ў суд наўпрост з кватэры. Суддзя Уладзімір Бясецкі прызнаў яго вінаватым у парушэнні артыкула 23.34 КаАП РБ і за «правядзенне несанкцыянаванага пікету з раздачай лістовак», пастанавіў падвергнуць А. Гайдукова адміністрацыйнаму арышту тэрмінам на 10 сутак.[7]
Адразу пасля выхаду з арышту А. Гайдукоў зноў быў затрыманы. Яму паведамілі, што за акцыю 24 лістапада 2014 г. ён быў асуджаны яшчэ на пяць сутак адміністрацыйнага арышту.[8]
16 лістапада 2015 г. А. Гайдукоў правёў у Наваполацку акцыю салідарнасці са зніклымі беларускімі палітыкамі. Былі вывешаны партрэты Дзмітрыя Завадскага, Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Мінакам раздадзена больш за 100 лістовак з цытаваннем закліку Мікалая Статкевіча прыйсці на акцыю памяці 24 лістапада 2015 г. 30 лістапада 2015 г. намеснік старшыні Наваполацкага гарадскога суда Алена Верташонак аштрафавала А. Гайдукова на 8,1 млн рублёў (45 базавых велічынь) за акцыю салідарнасці са зніклымі палітыкамі.[9]
31 снежня 2015 г. А. Гайдукоў быў аштрафаваны намесьнікам начальніка Наваполацкага гарадскога аддзелу міліцыі Уладзімірам Быкавым на дзве базавыя вялічыні за размяшчэнне на дошках аб’яваў трох улётак, якія ўтрымліваюць інфармацыю пра кампанію «За якасную медыцыну», ініцыяваную БХД.[10]
28 красавіка 2016 г. А. Гайдукоў быу затрыманы супрацоўнікамі МУС падчас вывешвання расцяжкі «Праца — права, а не абавязак». Акцыя праводзілася ў падтрымку актывіста незалежнага прафсаюзу з Полацка Міколы Шараха, якога адміністрацыя прадпрыемства, на якім ён працаваў, незаконна звольніла з працы.[11]
Справу разглядаў намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў Наваполацкага гарвыканкама па ідэалагічнай і кадравай рабоце Шэндзель В. Н. Паводле ч. 2 арт. 21.14 КаАП РБ А. Гайдукоў атрымаў штраф у памеры 10 базавых велічынь (2 100 000 бел.руб.).[12]