wd wp Пошук:

Віктар Іосіфавіч Ганчар

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Ганчар.

Віктар Іосіфавіч Ганчар (7 верасня 1957, пас. Радзічава Слуцкага раёна — 16 верасня 1999?) — беларускі палітык, правазнаўца.

Біяграфія

Нарадзіўся ў 1957 годзе ў Слуцкім раёне. Скончыў БДУ (1979), юрыст. У 1979 два месяцы працаваў стажорам-адвакатам Мінскай абласной калегіі адвакатаў. З 1983 — малодшы навуковы супрацоўнік сектара гаспадарчага і працоўнага права Інстытута філасофіі і правы АН БССР, з 1985 — старэйшы навуковы супрацоўнік. Кандыдат юрыдычных навук (1986), тэма дысертацыі: «Внутрихозяйственный расчет в промышленности (Правовая организация)». У 1986—1990 — дацэнт кафедры права Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі, затым — начальнік аддзела эканоміка-прававой работы Дзяржэканомплана БССР.

У сакавіку 1990 года абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання. Адразу ж паказаў сябе як добры аратар і кваліфікаваны юрыст. Хутка ўвайшоў у лік найбольш папулярных палітыкаў Беларусі.

З мая 1991 — першы намеснік старшыні Маладзечанскага гарвыканкама. Член Партыі народнай згоды (1992—1995). Адмовіўся ад прапановы старшыні Вярхоўнага Савета С. Шушкевіча балатавацца ў віцэ-спікеры. У красавіку 1994 балатаваўся ў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, але не атрымаў падтрымкі большасці дэпутатаў. Як член Канстытуцыйнай камісіі і адзін з кіраўнікоў рабочай групы актыўна дамагаўся ўвядзення ў Беларусі пасады прэзідэнта.

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 1994 года ўвайшоў у выбарчы штаб кандыдата Аляксандра Лукашэнкі. Журналіст і палітык Сяргей Навумчык пераказаў меркаваныя планы тагачаснага старшыні камісіі ВС па заканадаўстве Дзмітрыя Булахава і Віктара Ганчара, згодна з якімі пасля выбараў апошні меў быць прызначаны прэм’ерам, а Булахаў — старшынём Канстытуцыйнага Суда; затым, калі пасля абвінавачванняў у парушэннях Канстытуцыі Лукашэнка адхіляецца ад улады, Ганчар абіраецца прэзідэнтам, а Булахаў узначальвае Вярхоўны Савет[1].

Пасля перамогі А. Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах, указам Прэзідэнта ад 22.7.1994 № 3 В. Ганчар прызначаны Намеснікам Прэм’ер-міністра РБ, аднак неўзабаве указам Прэзідэнта ад 12.12.1994 № 258 была прынятая адстаўка В. Ганчара з гэтай пасады. В. Ганчар перайшоў у апазіцыю і ўступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю, быў членам яе Палітрады (з 1995). У 1995—1996 быў генеральным сакратаром Эканамічнага суда СНД. Жанаты, мае сына.

У 1995 абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета 13-га склікання, і неўзабаве — старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі. На гэтай пасадзе ён апынуўся ў цэнтры канфлікту, калі ўвосень 1996 года А. Лукашэнка ініцыяваў рэфэрэндум, галоўнай мэтай якога была змена Канстытуцыі. В. Ганчар заявіў, што з прычыны парушэння закону выканаўчай уладай Цэнтравыбаркам не прызнае вынікі рэферэндуму. 14 лістапада Лукашэнка сваім указам зняў Ганчара з пасады — на што не меў права, паколькі старшыню ЦВК (як і ўвесь склад камісіі) паводле Канстытуцыі прызначаў Вярхоўны Савет. Супрацоўнікі Службы бяспекі прэзідэнта фізічна выштурхнулі Ганчара з памяшкання ЦВК — нягледзячы на пратэсты Старшыні Вярхоўнага Савета і Генеральнага пракурора. Замест Віктара Ганчара кабінет старшыні ЦВК заняла Лідзія Ярмошына. В. Ганчар не прызнаў вынікаў рэферэндуму 1996 года, сышоў у прыватную юрыдычную практыку.

Дэпутаты Вярхоўнага Савета, якія засталіся верныя Канстытуцыі 1994 года, прызначылі Віктара Ганчара старшынём «альтэрнатыўнага» ЦВК. У яго былі два намеснікі, кандыдатуры якіх прапаноўваў ён сам: былы старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Георгій Таразевіч і былы сакратар Віцебскага абкама КПБ Іосіф Навумчык. У студзені 1999 года камісія была зацверджаная тым складам Вярхоўнага Савета, які працягваў сваю дзейнасць. Былі прызначаныя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з Канстытуцыяй 1994 года (тым часам як паўнамоцтвы Лукашэнкі па выніках рэферэндуму працягнутыя да 2001 года). Выбары ў тых умовах фактычна не адбыліся, і на паседжанне ЦВК былі прызнаны несапраўднымі. 21 ліпеня 1999 дэпутатамі ВС РБ, якія не прызнавалі вынікаў рэферэндуму 1996 года, Віктар Ганчар абраны в.а. старшыні ВС РБ 13-га склікання замест Сямёна Шарэцкага, які быў прызнаны в.а. прэзідэнта.

Пасля В. Ганчар займаўся падрыхтоўкай сходу дэпутатаў Вярхоўнага Савета, прадстаўнікоў палітычнай і інтэлектуальнай эліты, кіраўнікоў палітычных партый і грамадскіх арганізацый, які меў прывесці да імпічменту А. Лукашэнкі.

Знікненне

Віктар Ганчар знік у Мінску 16 верасня 1999 года, разам са сваім сябрам — бізнесменам Анатолем Красоўскім. Пазней на меркаваным месцы знікнення — вул. Фабрычнай — былі знойдзеныя аскепкі шкла аўтамабіля А. Красоўскага і кроў зніклых. 5 снежня 2002 суд Савецкага раёна г. Мінска прызнаў В. Ганчара адсутным без вестак. У студзені 2003 Пракуратура г. Мінска прыпыніла расследаванне крымінальнай справы па факце знікнення В. Ганчара і А. Красоўскага. Паводле сведчання колішняга начальніка СІЗА № 1 Алега Алкаева, Віктар Ганчар быў выкрадзены і расстраляны[2]. Патрабаванне расследвання знікнення В. Ганчара і А. Красоўскага — адно з асноўных патрабаванняў беларускай апазіцыі, яно таксама прысутнічае ў дакументах міжнародных арганізацый. У датычнасці да іх знікнення падазраюцца былы генеральны пракурор і былы Дзяржсакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман, былы міністр унутраных спраў Юрый Сівакоў і былы камандзір СОБРа Дзмітрый Паўлічэнка, у дачыненні да якіх з 2004 года дзейнічаюць санкцыі Еўрасаюза і ЗША[3].

У снежні 2019 года Deutsche Welle апублікавала дакументальны фільм, у якім Юрый Гараўскі, былы супрацоўнік спецпадраздзялення МУС Беларусі, пацвердзіў, што менавіта яго падраздзяленне арыштавала, вывезла і забіла Юрыя Захаранку і што пазней яно зрабіла тое ж самае з Віктарам Ганчаром і Анатолем Красоўскім[4].

Зноскі

  1. Навумчык С. Дзевяноста чацьверты. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015. — С. 104—105
  2. Алкаев О. Расстрельная команда. — М. Партизан. 2006. — 288 с. ISBN 5-91114-003-9
  3. svaboda.org
  4. Belarus: How death squads targeted opposition politicians. Deutsche Welle (16 снежня 2019). Праверана 25 лістапада 2020.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (21):
Катэгорыя·Памерлі 16 верасня
Катэгорыя·Члены Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1958 годзе
Катэгорыя·Члены Аб’яднанай грамадзянскай партыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў Мінску
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1957 годзе
Катэгорыя·Намеснікі прэм’ер-міністраў Беларусі
Катэгорыя·Кандыдаты юрыдычных навук
Катэгорыя·Зніклыя без вестак
Катэгорыя·Нарадзіліся 7 верасня
Катэгорыя·Памерлі ў 1999 годзе
Катэгорыя·Выпускнікі БДУ
Катэгорыя·Дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання
Катэгорыя·Дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Нераскрытыя забойствы ў Беларусі
Катэгорыя·Палітыкі Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Слуцкім раёне