wd wp Пошук:

Анатоль Уладзіміравіч Хіневіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Хіневіч.

Анатоль Уладзіміравіч Хіневіч (нар. 19 жніўня 1993) — беларускі бард, праграміст, палітычны зняволены, абвінавачаны і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.

Біяграфія

Хіневіч скончыў Інстытут Сахарава ў БДУ, з 2014 па 2018 працаваў у КУП «Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама», удзельнічаў у распрацоўцы афіцыйнага сэрвісу Мінгарвыканкама. На працы неаднаразова быў на дошцы гонару і атрымліваў граматы.

Таксама Хіневіч вядомы як бард і выканаўца ўласных песен, прымаў удзел у «Бардаўскай восені-2017»[1]. Вершы Хіневіча друкаваліся ў часопісе «Дзеяслоў»[2].

Палітычны пераслед

Хіневіч быў затрыманы 20 верасня 2020 на так званым «Маршы справядлівасці» (агулам тады толькі ў Мінску было затрымана каля 200 чалавек)[3], затрыманне трапіла на відэа журналістаў onliner.by, па адміністрацыйнай справе ён атрымаў 15 сутак арышту і штраф 20 базавых адзінак, якія адбываў у ІЧУ Жодзіна. Увечары 28 кастрычніка яго затрымалі зноў: міліцыянты ўзламалі дзверы ў кватэры бацькоў Анатоля, правялі ператрус, а сам Хіневіч быў змешчаны ў СІЗА Жодзіна. Яму прад’явілі абвінавачванні па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак)[4].

Амаль два месяца Хіневіч утрымліваўся ў СІЗА Жодзіна, напрыканцы снежня быў этапаваны ў Мінск, дзе павінен быў адбыцца судовы разгляд яго справы[5].

Справу Хіневіча на працягу двух дзён (23 і 24 снежня 2020) разглядала ў судзе Савецкага раёна Мінска суддзя Алена Жуковіч[6], пацярпелымі па справе былі прызнаныя тры супрацоўнікі АМАПу (у судзе падчас допыту іх твары былі закрытыя бейсболкамі, маскамі і балаклавамі). Па сведчаннях гэтых супрацоўнікаў пры затрыманні яны «падышлі да пратэстоўцаў, прадставіліся, запрасілі праехаць», а Хіневіч «чамусьці на захацеў ісці, сам упаў спінай на асфальт», пасля чаго наносіў удары супрацоўнікам АМАПу ў становішчы лежачы, усяго ён нанёс двум супрацоўнікам шэсць удараў. Пры гэтым медыцынскае абследаванне пасля яны не праходзілі, наяўнасць траўм была зафіксавана выключна з іх словаў. Да Хіневіча яны выставілі пазоў на кампенсацыю маральнай шкоды праз тое, што была парушана «недатыкальнасць цела»: два супрацоўнікі АМАПу выставілі пазоў на 1500 рублёў, яшчэ адзін — на 1000. Хіневіч пазовы падтрымаў, бо, па яго словах, «яны праўда пакутуюць, таму што вымушаныя хаваць твары і імёны». 24 снежня суддзя Жуковіч вынесла менавіта такі прысуд, як раней запрасіў дзяржабвінаваўца: два з паловай гады ў калоніі агульнага рэжыму[7].

Прысуд Хіневіч адбывае ў папраўчай калоніі № 3 (Віцьба), вядома, што пэўны час ён працаваў у швейным цэху[8]. З калоніі дасылае ў лістах свае малюнкі, вершы[9][10], мемы[11].

27 студзеня 2021 шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр і Беларуская асацыяцыя журналістаў Анатоль Хіневіч быў прызнаны палітычным зняволеным: «маніторынг гэтых судовых пасяджэнняў паказаў, што суды выносяць непрапарцыйна жорсткія (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім абвінавачваюцца асобы, прысуды ў параўнанні з прысудамі, якія выносіліся па такім жа катэгорыям спраў па-за палітычным кантэкстам…засведчыў і іншыя парушэнні прынцыпаў справядлівага судовага разбіральніцтва: парушэнні прэзумпцыі невінаватасці, роўнасці перад судом і інш.»[12].

9 чэрвеня 2021 сімвалічнай «хроснай» Анатоля Хіневіча стала член Еўрапейскага парламента Маргрэтэ Аукен[en]: «я ўзрушана такім неправамерным і беззаконным абыходжаннем з Анатолем і далучаюся да галасоў міжнароднага грамадства, патрабуючы спыніць масавыя арышты»[13][14].

Зноскі

  1. Творчасць палітзняволеных: якую музыку можна пачуць праз краты? (бел.)
  2. Свежы нумар (118) (бел.)
  3. Спіс затрыманых на акцыях пратэсту 20 верасня. Абнаўляецца (бел.)
  4. В Борисове, выломив дверь в квартире, задержали Анатолия Хиневича (руск.)
  5. Борисовчанина Анатолия Хиневича этапировали в Минск для суда (руск.)
  6. Жукович Елена Геннадьевна (руск.)
  7. У Мінску асудзілі праграміста на 2,6 гады калоніі за супраціў АМАПаўцам на нядзельным маршы (бел.)
  8. «Камунікацыю з „палітычнымі“ не ўхваляюць». Былы зняволены распавёў пра ўмовы для палітвязняў у калоніі «Віцьба» (бел.)
  9. Лісты з-за кратаў: творчасць зняволеных (бел.)
  10. «Никто без слов поддержки не остаётся». Близкие о политзаключённом Анатолии Хиневиче (руск.)
  11. Лісты з-за кратаў: творчасць зняволеных (бел.)
  12. Патрабуем неадкладнага перагляду прысудаў і вызвалення 31 палітычнага зняволенага (бел.)
  13. Members of Parliament from the UK, Sweden and Denmark take over godparenthoods of Mikita Yemialiyanau, Pavel Spiryn and Anatol Khinevich (англ.)
  14. У Леаніда Судаленкі, Дзяніса Івашына, Дзяніса Урада і яшчэ 6 палітвязняў з’явіліся «хросныя» (бел.)

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Выпускнікі БДУ
Катэгорыя·Асобы, прызнаныя вязнямі сумлення праваабарончым цэнтрам «Вясна»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Палітвязні Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Ізаляваныя артыкулы/сірата0
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1993 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся 19 жніўня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Барысаве