У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Брэгман. Анатоль Авелевіч Брэгман (26 кастрычніка 1941, Куйбышаў) — беларускі архітэктар.
Нарадзіўся ў сям’і беларускага архітэктара Авеля Брэгмана, які служыў у час вайны ў Куйбышаве.
Скончыў у 1960 годзе Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, у 1969 годзе — Беларускі політэхнічны інстытут. Працаваў старшым архітэктарам, кіраўніком групы архітэктараў у Мінгарпраекце, Мінскпраекце, з 1978 года — галоўны архітэктар праектаў у Белжылпраекце.
Член Саюза архітэктараў СССР з 1975 года. Пражываў у Мінску.
Асноўныя працы (у аўтарскім калектыве): ПДП цэнтра Мінска (1975), будынак гаркама КПБ (1978), крама «Дары прыроды», кафэ «Траецкае» (1982), рэканструкцыя інтэр’ераў будынкаў гасцініц «Мінск» і «Спадарожнік» (1979), рэспубліканскай канторы Дзяржбанка СССР (1980), Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР (1982), Тэатра юнага гледача імя 50-годдзя ЛКСМБ (1986), добраўпарадкаванне тэрыторыі і рэканструкцыя гімнастычнага корпуса ў спартлагеры «Стайкі» пад Мінскам (1980), паказальных кварталаў у Цэнтральным і Маскоўскім раёнах (1980—1982). Выканаў праекты будынкаў у гістарычных зонах «Траецкае прадмесце» і «Верхні горад» (1982—1985).