Алякса́ндр Пятро́віч Мазалё́ў (6 сакавіка 1910, Рудня, Магілёўская губерня, Расійская імперыя — 1 ліпеня 1970, Мінск) — беларускі жывапісец, графік, педагог. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Паходзіў з сялянская сям’і. Скончыў сярэднюю школу. У 1927 годзе паступіў вучыцца ў Віцебскі мастацкі тэхнікум, дзе займаўся жывапісам у мастака Уладзіміра Хрусталёва. Але з-за матэрыяльных цяжкасцей не скончыў вучылішча і вярнуўся на радзіму, дзе стаў загадчыкам хаты-чытальні. У 1931—1938 гадах вучыўся ў Ленінградскім інстытуце пралетарскага мастацтва, куды яго накіраваў саўгас «Запаветы Ільіча». Настаўнікамі яго былі прафесар Аляксандр Савінаў[ru], потым Аляксандр Асмёркін[ru]. Дыплом абараняў у мастака-баталіста Рудольфа Фрэнца[ru]. У 1938 годзе быў накірован выкладаць у Варашылаўградскае мастацкае вучылішча. Па запрашэнні Упраўлення па справах мастацтва БССР у 1939 годзе быў пераведзены выкладаць у Віцебскае мастацкае вучылішча, дзе працаваў да 1941 года.
Пад час Вялікай Айчыннай вайны прымаў удзел у дзейнасці падпольнай арганізацыі. Кватэра мастака была месцам сувязі падпольшчыкаў з партызанамі. У выніку здрады ў 1942 годзе падпольная арганізацыя была раскрыта. Мастак быў падвергнуты катаванням і адпраўлены ў Германію, у канцэнтрацыйны лагер. Пасля вызвалення з канцлагера ў 1944 годзе ваяваў у Чырвонай Арміі, але быў цяжка кантужаны ў баях пад Вільнюсам, што давала пра сябе ведаць усё жыццё.
З 1948 года стаў жыць у Мінску. У 1948—1952 гадах выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы. З 1956 па 1970 — у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Удзельнічаў у рэспубліканскіх і ўсесаюзных мастацкіх выстаўках.
Працаваў у галіне станковых жывапісу і графікі, у пейзажным, партрэтным, бытавым і батальным жанрах. Быў аўтарам тэматычных карцін, у якіх вельмі ёміста ўвасабляліся характэрныя прыкметы таго часу і галоўныя грамадскія ідэалы. Сярод яго твораў:
Сярод творчай спадчыны мастака таксама шмат эцюдаў, накідаў і замалёвак. Творы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.