У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Прохараў.
Алякса́ндр Міха́йлавіч Про́хараў (11 ліпеня 1916, Атэртан, штат Квінсленд, Аўстралія — 8 студзеня 2002, Масква) — выдатны савецкі і расійскі фізік, адзін з заснавальнікаў квантавай электронікі. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы (1964) (сумесна з Мікалаем Басавым і Чарльзам Таўнсам), адзін з вынаходнікаў лазерных тэхналогій. Акадэмік РАН (1966, член-карэспандэнт 1960). Замежны член НАН Беларусі (1995), Амерыканскай акадэміі мастацтваў і навук (1972) і АН іншых краін. Двойчы Герой Сацыялістычнай Працы (1969, 1986).
Скончыў Ленінградскі ўніверсітэт (1939). У 1939—1941 і 1944—1982 у Фізічным інстытуце АН СССР (з 1968 намеснік дырэктара). Адначасова з 1954 прафесар Маскоўскага ўніверсітэта, з 1973 загадчык кафедры Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута, у 1973—1992 акадэмік-сакратар Аддзялення агульнай фізікі і астраноміі РАН, у 1982—1998 дырэктар Інстытута агульнай фізікі РАН (з 1998 ганаровы дырэктар). З 1969 старшыня Навукова-рэдакцыйнага савета выдавецтва «Савецкая энцыклапедыя» (цяпер «Вялікая Расійская энцыклапедыя»); у 1969—1978 галоўны рэдактар 3-га выдання Вялікай Савецкай Энцыклапедыі.
Навуковыя працы па тэорыі нелінейных ваганняў, фізіцы сінхратроннага выпрамянення, радыёспектраскапіі, квантавай электроніцы, фізіцы цвёрдага цела і магнітных з’яў, радыёфізіцы, нелінейнай і валаконнай оптыцы, лазернай фізіцы і тэхніцы, дастасаваннях лазераў у прамысловасці, медыцыне, сувязі і інш.
Разам з М. Г. Басавым стварыў першы квантавы генератар — мазер (1954), прапанаваў метад стварэння асяроддзяў з адмоўным паглынаннем (1955), які выкарыстаны ў першым лазеры. Прапанаваў адкрыты рэзанатар для субміліметровых хваль (1958).