У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сцепаненка. Аляксандр Васільевіч Сцепаненка (5 кастрычніка 1938, Орша, Віцебская вобласць — 15 лютага 2005, Мінск) — беларускі вучоны ў галіне апрацоўкі металаў, доктар тэхнічных навук (1974).
Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1955 годзе паступае ў Беларускі політэхнічны інстытут, які заканчвае ў 1960 годзе, потым два гады працуе інжэнерам-канструктарам на Мінскім аўтамабільным заводзе, пасля чаго паступае ў аспірантуру Беларускага політэхнічнага інстытута. У 1965 годзе А. В. Сцепаненка паспяхова абараняе кандыдацкую дысертацыю.
У 1980 годзе абраны членам-карэспандэнтам, а ў 1986 годзе — акадэмікам АН БССР, у 1987 годзе — віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук БССР. У студзені — красавіку 1992 года выконваў абазязкі прэзідэнта АН Беларусі[1].
Пад кіраўніцтвам А. В. Сцепаненкі распрацаваны арыгінальныя, высокаэфектыўныя спосабы і абсталяванне для вытворчасці парабалічных рысор.
Па выніках навуковай дзейнасці апублікавана больш за 600 навуковых прац, у тым ліку 8 манаграфій, атрымана больш за 400 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў, падрыхтавана 57 кандыдатаў і дактароў навук.
Ён доўгія гады вёў актыўную навукова-арганізацыйную, навукова-педагагічную і грамадскую работу, з’яўляючыся членам спецыялізаванага савета па абароне дысертацый і навуковых саветаў, экспертнага савета Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь, рэдкалегіі навуковых часопісаў.