У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Нурдзінаў.
Аляксандр Андрэевіч Нурдзінаў (нар. 11 кастрычніка 1991) — беларускі мастак, палітычны зняволены, абвінавачы і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.
З 2010 па 2013 навучаўся ў Мінскім дзяржаўны архітэктурна-будаўнічым каледжы па спецыяльнасці тэхнік-будаўнік, пасля навучаўся на факультэце дызайна ў прыватным універсітэце Hochschule Fresenius[de], займаўся афармленнем сувеніраў і ілюстрацыямі. Акрамя гэтага ў сваіх сацыяльных сетках выкладаў свае музычныя запісы ў стылі рэп пад псеўданімам Nu.Sa.NuSaffe.
Аляксандр Нурдзінаў быў затрыманы 26 кастрычніка 2020, праз тры месяцы, 27 студзеня 2021, у судзе Ленінскага раёна Мінска пачаўся судовы разгляд яго справы, справу разглядала суддзя Таццяна Шоцік. Бок абвінавачвання, які прадстаўляў пракурор Святаслаў Вялікі, ставіў ў віну Нурдзінаву адразу два артыкулы Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 (Удзел у масавых беспарадках) і ч. 2 арт. 293 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), на падставе таго, што ён прымаў удзел у акцыях 9-10 жніўня 2020, дзе нібыта блакаваў дарогі, узводзіў барыкады, таксама «кідаў расліннасць з кветнікаў у супрацоўнікаў органаў унутраных справаў». Сам Нурдзінаў распавёў наступнае: увечары 9 жніўня ён выйшаў у краму, каб купіць фарбы, але на шляху пабачыў, як у аўтазак з мікрааўтобуса закідвалі хлопцаў, са спецтранспарту чуліся крыкі. «Я прайшоў метраў 20 і з аўтазака пачуў дзікі роў, быццам там чалавека рэзалі. Пасля гэтага ў маім сэрцы змянілася ўсё, што магло зламацца. Гук быў вельмі моцны, чутны быў на ўвесь парк». На праезную частку ён выйшаў таму, што дарога была пустая і машын не было, але паўсюль былі пратэстоўцы: ад стэлы да моста на Нямізе. Калі апынуўся каля стэлы, туды прыехаў АМАП, там пачалі біць людзей, пад нагамі ў Нурдзінава выбухнула граната: «Я аслеп на некаторы час, мне порах у вочы трапіў. На назе быў апёк. На той момант я развітаўся з жыццём, думаў, што ўсё. Я раз’юшыўся, сарваў бутон кветкі і кінуў у бок супрацоўнікаў АМАПу». На наступны дзень Нурдзінаў удзельнаў у акцыі каля гандлёвага цэнтру «Рыга». Дзеянні супрацоўнікаў АМАПу пры затрыманнях там ён апісаў наступным чынам: «Дзеянні супрацоўнікаў АМАПу — гэта калі чатыры, прабачце, мацака вагой у сто кілаграмаў скачуць на галаве ў мітынгоўца?». Таксама Нурдзінаў заявіў пра ціск на яго на допытах, таму частка тэксту ў пратаколах не адпавядала рэчаіснасці, а праўду ён агучыў у судзе. У судзе таксама былі прагледжаны відэа, на якіх былі дзеянні Нурдзінава падчас акцый, на што ён заявіў, што ў судзе чамусьці не паказалі запіс, які паказвалі яму ў Следчым камітэце на допытах, дзе бачна, што нічога з яго рук не вылятае[1][2][3].
Судовае следства па крымінальнай справе па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса заняло менш аднаго дня. На наступны дзень, 28 студзеня, падчас спрэчак бакоў пракурор Святаслаў Вялікі запытаў для Нурдзінава чатыры гады ва ўмовах узмоцненага рэжыму, і ўжо праз тыдзень, 5 лютага Аляксандру Нурдзінаву быў агучаны прысуд — чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Да гэтага Нурдзінаў прамовіў сваё апошняе слова: «Чатыры гады я адсяджу — выйду з паднятымі рукамі, з паднятай галавой і з чыстай душой». Ён не прызнаў віну па арт. 293 КК, а па арт. 342 КК прызнаў часткова: расліны кідаў, але не блакаваў рух транспарту і ўсе іншыя дзеянні, якія яму інкрымінаваліся[4].
Як адзначыў Франак Вячорка, Нурдзінаў атрымаў чатыры гады за дзеянні, якія нагадваюць адно з графіці Бэнксі «Flower Thrower»[5].
15 лютага 2021 шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, быў прызнаны палітычным зняволенным: «дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 Крымінальнага кодэкса, і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам»[6].
18 студзеня 2022 сімвалічным «хросным» Аляксандра Нурдзінава стаў дэпутат Бундэстагу, чалец Камітэту па замежных справах, Тобіас Б. Бахерле(англ.) бел., які заявіў наступнае: «Праз сімвалічнае хроснае бацькоўства я хачу выказаць глыбокую салідарнасць і захапленне грамадзянскай мужнасцю Аляксандра Нурдзінава, які прадстаўляе вялікую колькасць мужных беларусаў і беларусак. З велічэзнай рызыкай для сябе, сям’і і сяброў яны падтрымліваюць патрабаванне дэмакратыі і правоў чалавека і вольную Беларусь»[7][8].
Вырак адбываў спачатку ў калоніі № 1 у Наваполацку, у красавіку 2022 стала вядома, што Нурдзінава перавялі ў гарадзенскую турму № 1, рэжым утрымання быў зменены на турэмны тэрмінам на два гады на падставе рашэння суду Наваполацку[9].