Аляксáндр Івáнавіч Бóлсун, 4 лістапада 1935, г.п. Чачэрск) — савецкі і беларускі фізік, педагог, энцыклапедыст. Кандыдат фізіка-матэматычных навук (1967), дацэнт (1976), сябра Беларускага фізічнага таварыства (1990).
Аляксандр Іванавіч Болсун нарадзіўся у гарадскім пасёлку Чачэрск. Пасля заканчэння ў 1954 годзе Чачэрскай рускай сярэдняй школы паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Магілёўскага педынстытута, які скончыў з адзнакай у 1959 годзе, пасля чаго працаваў на кафедры фізікі і метэаралогіі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. У 1962—1964 гадах аспірант, у 1965—1967 гадах малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі тэарэтычнай фізікі Інстытута фізікі АН БССР, дзе яго навуковым кіраўніком быў Ф. І. Фёдараў. У 1967 годзе Болсун абараніў кандыдатскую дысертацыю. У 1967—1972 гадах загадчык навукова-галіновай рэдакцыі фізікі, матэматыкі, хіміі і астраноміі выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» («БелСЭ»). У 1972—1993 гадах на выкладчыцкай працы ў Мінскім радыётэхнічным інстытуце і Мінскім педынстытуце (старэйшы выкладчык, дацэнт, загадчык кафедры). У 1993—2003 гадах загадчык навукова-галіновай рэдакцыі фізіка-матэматычных і тэхнічных навук выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя» («БелЭн»). У 2004—2012 гадах дацэнт кафедры прыродазнаўчых дысцыплін Мінскага Дзяржаўнага Вышэйшага Радыётэхнічнага Каледжа. У 1967—1975 член рэдакцыйнага савета «БелСЭ», у 1993—2004 гадах член навукова-рэдакцыйнага савета «БелЭн». У 1970 годзе узнагароджаны юбілейным медалём «За доблесную працу. У знаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна», у 2008 годзе атрымаў стыпендыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Асноўныя кірункі навуковай і навукова-метадычнай працы: фізіка электрамагнітных і слабых узаемадзеянняў элементарных часціц; метадычныя праблемы выкладання фізікі ў ВНУ і сярэдняй школе, распрацоўка вучэбных праграм і інтэрактыўных метадаў кантролю ведаў па курсе фізікі вышэйшай школы. Болсун займаўся таксама пытаннямі нармалізацыі беларускай фізіка-матэматычнай тэрміналогіі і уніфікацыяй вызначэнняў (дэфініцый) фізічных велічынь; ім складзены слоўнікі (поўныя рэестры назваў энцыклапедычных артыкулаў) па фізіцы, матэматыцы, астраноміі і геадэзіі для «БелСЭ», па фізіцы і астраноміі для «БелЭн». Значнае месца ў яго працы займала навуковае рэдагаванне энцыклапедычнай, даведачнай і вучэбна-метадычнай літаратуры па фізіка-матэматычных і тэхнічных навуках. Ён прымаў непасрэдны ўдзел у стварэнні энцыклапедычных даведнікаў: «Беларусь» (1994), «Бытовая радиоэлектронная техника» (1995), «Чернобыль» (1996), «Национальная академия наук Беларуси. Персональный состав» (1998), энцыклапедыі «Автомобильные дороги Беларуси» (2002).
Болсун з’яўляецца аўтарам 50 навуковых і навукова-метадычных прац, у тым ліку вучэбных і даведачных дапаможнікаў, а таксама больш за 150 энцыклапедычных артыкулаў у «БелСЭ» і «БелЭн» па розных раздзелах фізікі, сярод каторых:
Болсун з’яўляецца аўтарам шэрагу навукова-папулярных артыкулаў у газетах і часопісах: «Цуды без цудаў» // Чырвоная змена, № 9, 1961; Хвостатые вестницы из других миров // Знамя юности, № 41, 1961; «Аб чым расказаў фатон» // Маладосць, № 10, 1963 (разам з У. М. Траццяковым); «Солнце в одеждах радужных» // Знамя юности, № 15, 1963; «Радыёхвалі расказваюць пра Сусвет» // Бярозка, № 9, 1964; «Дзе быў Змяіны востраў» // Маладосць, № 3, 1969 (пра супрацоўнікаў Аб’яднанага інстытута ядзерных даследаванняў у Дубне); «Зося і Бронік у краіне атамаў» // Бярозка, № 10, 1976 і інш., а таксама аўтабіяграфічных успамінаў у газеце «Чачэрскі веснік»: «Чечерск послевоенный» (08.02.2013), «Школа и учителя» (15.02.2013), «Футбол, физика и лирика» (09.03.2013) і кнігі «Оглядываясь в прошлое» (Мінск, «Кавалер», 2018).